Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/20/947722_871256/
Дата раздрукоўкі: 10.05.2021 23:52
20.03.2018 14:05 Спорт, Грамадства

БАТЭ гатовы "без істэрык" абмеркаваць пункты палажэнні аб сезоннай акрэдытацыі, "якія некаму здаюцца спрэчнымі"

Мінск, 20 сакавіка. Прэс-служба барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ гатовая "без істэрык" абмеркаваць пункты палажэнні аб сезоннай акрэдытацыі СМІ, "якія некаму здаюцца спрэчнымі".

"Але рабіць гэта мы будзем толькі з тымі СМІ, з якімі ў нас наладжанае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва", — гаворыцца ў заяве, апублікаванай 20 сакавіка.

Прэс-служба сцвярджае, што пункт аб добраахвотнай выплаце акрэдытаванымі СМІ штрафу (100 базавых велічынь, цяпер 2.450 рублёў) за парушэнне асобных артыкулаў палажэння, які выклікаў найбольшае абурэнне журналістаў, быў унесены "некалькі гадоў таму, а ніяк не напярэдадні новага сезона".

Немалая частка заявы прысвечаная ўзаемаадносінам БАТЭ і партала by.tribuna.com, які напярэдадні размясціў артыкул з рэзкай крытыкай палажэння і каментарамі экспертаў. На думку прэс-службы, "Трыбуна" "ў гэтай сітуацыі паводле свайго звычая ўсё перакруціла і чарговым разам ўвяла сваіх карыстальнікаў у зман". "Супрацоўніцтва з "Трыбунай", якая ў пагоні за таннымі скандаламі і вялікімі рэйтынгамі не грэбуе нічым, ФК БАТЭ палічыў немэтазгодным і спыніў яго задоўга да старту акрэдытацыйнай кампаніі-2018", — гаворыцца ў заяве.

Прэс-служба таксама зазначае: "Мы заўсёды адкрытыя да дыялогу са СМІ. Нярэдка ФК БАТЭ пасля абмеркавання з прадстаўнікамі масмедыя пераглядае свае погляды на пэўныя рэчы".

У знак пратэсту супраць умоў акрэдытацыі "Трыбуна" публічна адмовілася падаваць заяўку на сезон. Ад падачы заяўкі ўстрымалася і інфармацыйная кампанія БелаПАН — у разліку на тое, што спрэчныя пункты палажэння ў канчатковым выніку будуць перагледжаныя на карысць журналістаў.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239