Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/20/947735_558012/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 02:42
20.03.2018 14:50 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка не выключае стварэння міністэрства лічбавай эканомікі

Мінск, 20 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка не выключае стварэння ў Беларусі міністэрства лічбавай эканомікі.

Як сказаў кіраўнік дзяржавы 20 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з творчай моладдзю, яму паступаюць прапановы аб стварэнні такога міністэрства. "Хутчэй за ўсё, я такое рашэнне падтрымаю", — цытуе Лукашэнку інфармагенцтва БелТА.

Распрацоўку дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканоміцы" ён назваў прыкладам творчага падыходу ў сваёй працы. Афіцыйны лідар падкрэсліў, што Беларусь стала першай краінай, якая рызыкнула і прыняла сур'ёзныя рашэнні па развіцці ІT-тэхналогій і лічбавай эканомікі. "Пасля кароткага часу становіцца зразумела — пацэлілі, за гэтым будучыня. Такі элемент творчай рызыкі ў палітыка павінен прысутнічаць заўсёды", — дадаў Лукашэнка.

Дэкрэт прэзідэнта № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" ўваходзіць у сілу 28 сакавіка. Дакумент падпісаны Лукашэнкам у першапачатковай рэдакцыі, распрацаванай прадстаўнікамі беларускай ІТ-супольнасці, заявіў намеснік дырэктара па прававых пытаннях адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій Іван Жызнеўскі 14 сакавіка на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. "Мы падрыхтавалі комплексны дакумент, які дазволіў бы стварыць пляцоўку для далейшага развіцця ІТ-краіны. Прычым асноўным элементам гэтай экасістэмы будзе працягваць заставацца Парк высокіх тэхналогій, — дадаў ён. — Сур'ёзная праца была праведзеная, і дакумент у выніку быў прыняты менавіта ў той рэдакцыі, якая была распрацаваная з улікам меркавання ІТ-супольнасці".

Жызнеўскі нагадаў, што дэкрэт прадугледжвае працяг спецыяльнага прававога рэжыму ПВТ і дзеянні падатковых льгот да 2049 года. Паводле яго слоў, рэзідэнты ПВТ змогуць цяпер займацца 37 відамі дзейнасці. Дэкрэт № 8 уводзіць некаторыя прынцыпы англійскага права для працы ў ІТ-сферы. Гаворачы аб прадугледжаным дакументам вольным руху капіталу, ён адзначыў, што максімальна знятыя бюракратычныя перашкоды.

На думку Жызнеўскага, пасля прыняцця дэкрэта № 8 Беларусь "у свеце прагрымела". "Атрымліваецца, што мы пакуль ідзем у правільным кірунку. Учора адбылося пасяджэнне назіральнага савета ПВТ — дэкрэт яшчэ не ўвайшоў у сілу, а ў нас ужо ўчора зарэгістраваныя былі 46 новых рэзідэнтаў. Калі за ўвесь мінулы год былі 33 новыя кампаніі. Новыя рэзідэнты пакуль працуюць у наяўным рэжыме, але ёсць вялікая цікавасць з боку ІТ-сектара, велізарны водгук на рашэнне кіраўніка дзяржавы", — падсумаваў ён.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239