Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/20/947856_123456/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 14:15
20.03.2018 20:20 Палітыка

Лукашэнка: Абвяшчэнне БНР, напэўна, не зусім добрая старонка ў нашай гісторыі

Мінск, 20 сакавіка. Гісторыю аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі ведаць трэба, але ганарыцца тымі падзеямі не варта, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з творчай моладдзю 20 сакавіка ў Мінску.
Паводле слоў Лукашэнкі, якія прыводзіць прэс-служба прэзідэнта, тыя падзеі да гэтага часу мала вывучаны, а існуючая інфармацыя вельмі супярэчлівая. З аднаго боку, стваральнікі БНР хацелі незалежнасці для краіны, з другога — яны былі гатовыя прасіць у гэтай справе дапамогі ў каго заўгодна, аднак потым зноў бы апынуліся пад ботам. Лукашэнка падкрэсліў, што разумныя людзі павінны ведаць праўду пра тыя падзеі. "Не заклейваць, не выдзіраць з кантэксту. Але ганарыцца гэтым, калі гэта было так, не трэба. Гэта была сумная старонка, і ў гісторыі многіх народаў такіх сумных старонак была маса", — адзначыў афіцыйны лідар.

"У гісторыі любой дзяржавы былі розныя падзеі, — падкрэсліў ён. — Возьмем Германію: у іх была страшная падзея, якую будуць памятаць усе пакаленні, — адтуль прыйшла вайна. Яны знішчылі мільёны ні ў чым не вінаватых людзей. Гэта халакост не толькі для яўрэяў, але і для ўсяго свету, асабліва для нашага славянскага. У імя чаго яны гэта рабілі? У імя шчасця свайго нямецкага народа. Яны ішлі сюды, каб мець рэсурсы, тэхналогіі і гэтак далей. Яны, напэўна, тады лічылі, што робяць правільна. З нашага пункту гледжання, гэта варварства, гэта нягоднікі".

Паводле слоў Лукашэнкі, у Германіі ўжо не ганарацца гэтым перыядам у жыцці краіны. "Яны ж не ганарыцца, што ў часы Гітлера былі пабудаваны шыкоўныя аўтабаны, што яны там стварылі найбольш магутную эканоміку, нашых людзей, украінцаў, рускіх, палякаў зганялі туды, і яны там ні за што працавалі, пакуль маглі перамяшчацца", — сказаў ён. І ў беларускай гісторыі, прадоўжыў прамоўца, напэўна, былі пэўныя памылкі. "Тыя людзі, якія спрабавалі стварыць незалежную Беларусь, не ведалі, куды кінуцца. Бальшавікі разагналі [першы Усебеларускі] з`езд, спалохаўшыся, што гэтая частка імперыі можа адкалоцца. Беларусь найбольш каштоўная для іх была тэрыторыя, яны баяліся яе страціць", — адзначыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, бальшавікі былі гатовыя даць Беларусі пэўную незалежнасць і нават дазволілі праводзіць гэты з`езд, аднак, як толькі заўважылі, што гучаць заклікі адкалоцца ад усёй краіны, яны яго разагналі. "Не таму, што не жадалі даць беларусам нейкую волю, свабоду. Яны спалохаліся, што наогул страцяць Беларусь, і немцы ці іншыя ворагі будуць пад Смаленскам, а то і пад Масквой", — сказаў беларускі кіраўнік.

На яго думку, рашэнне стваральнікаў БНР прасіць дапамогі ў Германіі не магло ў поўнай меры забяспечыць незалежнасць Беларусі. "Ад аднаго бота з усходу пабеглі на захад пад бот кайзера. Можна гэта і так расцэньваць. Але я прасіў бы не судзіць іх строга, таму што нас там не было і мы гэта не перажывалі псіхалагічна, не разумеем, што тады адбывалася. Гарачае жаданне зрабіць Беларусь незалежнай іх магло штурхнуць хоць да кайзера, хоць чорт ведае да каго. Былі і такія людзі. Добрая гэта старонка ў нашай гісторыі? Напэўна, не зусім", — лічыць Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239