Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/20/947859_123456/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 02:39
20.03.2018 20:42 Палітыка

Лукашэнка даручыў не ўмешвацца ў пытанні святкавання 100-годдзя БНР, але асцерагаецца дэманстрацый

Мінск, 20 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўнікам органаў улады не ўмешвацца ў абмеркаванне працэсу святкавання 100-годдзя БНР.

"Няхай яны самі разбяруцца. Хочуць яны каля Опернага тэатра — няхай збіраюцца", — заявіў ён 20 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з творчай моладдзю. Галоўнае, адзначыў афіцыйны лідар, каб быў парадак і ніхто не крануў сам тэатр.

Згодна з паведамленнем дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, Лукашэнка таксама адзначыў, што не супраць дэманстрацый і вулічных шэсцяў. Аднак, перакананы ён, ні да чаго добрага яны не прыводзяць: "Не патрэбныя нам сёння гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсці. Не таму, што я іх баюся. Пройдуць па вуліцы, па Мінску — перажывем. Але адзін раз, другі, трэці раз, а потым будзе, як 20 таму назад".

Ва ўсіх гэтых пытаннях неабходна быць вельмі акуратнымі і таму, што сітуацыя вакол краіны вельмі напружаная, лічыць Лукашэнка. "Вы бачыце: Амерыка, Захад счапіліся з Расіяй, ва Украіне вайна, Прыбалтыка, не ведаю, навошта, развівае свае ўзброеныя сілы. І мы паміж імі — астравок стабільнасці. Калі толькі хоць на хвіліну расслабімся — адарвуць галаву, і нават не адчуем" , — папярэдзіў афіцыйны лідар.

"Трэба берагчы тое, што сёння ёсць, — заклікаў ён. — І не трэба пад выглядам нейкага БНР, БССР або чагосьці ламаць. Так, гэта было ў нашай гісторыі. І мы павінны адэкватна гэта ацэньваць: вось гэта — дрэнна, гэта — зусім дрэнна, гэта — трэба разумець, а гэта — трэба шанаваць".

Як ужо паведамляў БелаПАН, Мінгарвыканкам не ўхваліў ўсе заяўкі на правядзенне вулічных шэсцяў у Дзень Волі 25 сакавіка. Санкцыянаваныя толькі мітынг і канцэрт каля Опернага тэатра.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239