Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/21/947904/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2019 10:39
21.03.2018 10:47 Грамадства

Арганізатары святкавання 100-годдзя БНР у Віцебску адмовіліся ад мітынгу з-за немагчымасці аплаціць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў

Мінск, 21 сакавіка. Аргкамітэт святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі вырашыў адмовіцца ад мітынгу ў Віцебску, бо гарадскія ўлады запатрабавалі заплаціць за паслугі па абслугоўванні непад’ёмную суму, паведаміў сябра рады руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў.

Заяўка на правядзенне ў горадзе мітынгу і канцэрта была накіраваная ад імя мясцовай суполкі Партыі БНФ 7 сакавіка. "Была пададзеная заяўка на мітынг на 30 чалавек, якіх збіраліся ахоўваць 10 міліцыянераў, чатыры з іх малодшага каманднага складу і шэсць — старшага", — сказаў Жаляпаў, якога цытуе прэс-служба руху.

За такія паслугі, паводле яго слоў, міліцыя запатрабавала 500 рублёў, а калі ўлічыць іншыя выплаты за паслугі медыкаў і камунальнікаў, агулам атрымлівалася прыблізна 700 рублёў.

"Такая сума — гэта ці правакацыя, ці здзек. Адміністрацыя, пэўна, ведала, што такіх грошаў мы не маем", — заявіў сябра рады.

У выніку фармат святкавання у Віцебску будзе зменены: удзельнікі ўскладуць кветкі да помнікаў Альгерду і Уладзіміру Караткевічу, памятнай дошкі ў гонар Васіля Быкава, а пазней адбудзецца канцэрт у кавярні.

25 сакавіка дазволеныя мерапрыемствы пройдуць у Брэсце (мітынг) і Гродне (мітынг і канцэрт). У Магілёве мясцовыя ўлады не санкцыянавалі пікет у цэнтры горада — святкаванне абмяжуецца канцэртам у грамадскім цэнтры “Кола”. Адбудзецца таксама малебен за Беларусь у касцёле. Гомельскія ўлады адмовілі ў памяшканні для канцэрта ў гонар 100-годдзя абвяшчэння БНР.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН