Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/21/947911_144785/
Дата раздрукоўкі: 21.03.2019 19:33
21.03.2018 12:05 Палітыка, Эканоміка

Тэрміны візіту Лукашэнкі ў Грузію пацверджаныя афіцыйна

Мінск, 21 сакавіка. Тэрміны наведвання Грузіі Аляксандрам Лукашэнкам пацверджаныя афіцыйна. Візіт адбудзецца 22—23 сакавіка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Запланаваныя афіцыйныя перамовы Лукашэнкі з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць наяўны стан і перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Гаворка пойдзе ў тым ліку аб пашырэнні асартыменту і аб`ёмаў прадукцыі, якая пастаўляецца, развіцці вытворчай кааперацыі, стварэнні сумесных прадпрыемстваў, узаемадзеянні ў навуцы, адукацыі і медыцыне, сферах транспарту і лагістыкі, рэалізацыі інфраструктурных праектаў, паведамляе прэс-служба. Лукашэнка і Маргвелашвілі таксама абмяркуюць пытанні супрацоўніцтва ў галіне палітыкі, кантакты краін на міжнародных пляцоўках, сітуацыю ў свеце і рэгіёне. Паводле вынікаў перамоў прадугледжанае падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў.

Лукашэнка таксама плануе сустрэцца з прэм`ер-міністрам Грузіі Георгіем Квірыкашвілі і каталікосам-патрыярхам усяе Грузіі Іліём II.

Адначасова з мерапрыемствамі ў межах афіцыйнага візіту прэзідэнта Беларусі ў Тбілісі пройдуць Дні Мінска і грузінска-беларускі бізнес-форум. Прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін, мясцовых органаў улады, бізнес-колаў правядуць перамовы і абмяркуюць пытанні супрацоўніцтва па канкрэтных напрамках, заключаць адпаведныя дагаворы і пагадненні. У грузінскай сталіцы запланаваныя шэраг культурных і спартыўных мерапрыемстваў, будзе працаваць выстава тавараў мінскіх прадпрыемстваў.

Гэта будзе другі афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Грузію, першы адбыўся ў красавіку 2015 года. Тады было падпісана 16 дакументаў па асноўных пытаннях развіцця двухбаковага супрацоўніцтва і прынятае рашэнне аб адкрыцці ў Тбілісі беларускага пасольства.

Георгій Маргвелашвілі наведаў Беларусь з афіцыйным візітам у сакавіку 2017 года.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН