Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/22/948079_878246/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 06:51
22.03.2018 10:24 Эканоміка, Палітыка

Кабякоў: Беларусь разлічвае на развіццё прамысловай кааперацыі з Індыяй

Мінск, 22 сакавіка. Беларусь разлічвае на развіццё прамысловай кааперацыі з Індыяй, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 21 сакавіка на сустрэчы з індыйскім паслом Панкаджам Саксенам.

"Мы разлічваем, што ў нас будзе развівацца прамысловая кааперацыя з Індыяй, супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхнікі. У нас ёсць сур'ёзныя напрацоўкі і ўжо рэалізуюцца праекты ў галіне нафтаздабычы, сельскай гаспадаркі. Мы вельмі разлічваем, што будзе рэалізаваны і праект індыйскага інвестыцыйнага кластара ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна", — цытуе Кабякова прэс-служба ўрада. Паводле яго слоў, сумесныя праекты могуць стаць тэмай для абмеркавання з прэм'ер-міністрам Індыі, візіт у Беларусь якога зараз прапрацоўваецца.

Кабякоў заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў далейшым развіцці і шматбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Так, Індыя і Еўразійскі эканамічны саюз будуць абмяркоўваць стварэнне зоны свабоднага гандлю. Паводле яго слоў, Беларусь з'яўляецца паслядоўным прыхільнікам развіцця гандлёва-эканамічных адносін Індыі і ЕАЭС.

Як адзначыў Кабякоў, за час працы Панкаджа Саксены ў якасці пасла Індыі ў Беларусі быў "закладзены добры падмурак" для ўзаемадзеяння дзвюх краін. Паводле яго слоў, у аснове партнёрства сёння ляжыць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. "Мы прасунуліся прыкметна з пункта гледжання нарошчвання нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва летась. Але, тым не менш, пакуль мы далёкія яшчэ ад тых лічбаў, задач, якія нам паставілі нашы кіраўнікі па дасягненні тавараабароту паміж Беларуссю і Індыяй у 1 млрд долараў", — канстатаваў прэм'ер-міністр. Разам з тым, дадаў ён, краіны ўжо рэалізуюць перспектыўныя праекты, напрыклад у фармацэўтыцы, якія дапамогуць выйсці на новы ўзровень гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

"Ваша дыпламатычная місія ў нашай краіне завяршаецца, думаю, гэта няпросты, хвалюючы момант. Але вы павінны ведаць, што, нягледзячы на змену вашага статусу, заўсёды можаце разлічваць, што ў асобе Беларусі вы будзеце мець надзейнага сябра. Урад Беларусі выказвае падзяку вам за ўнёсак у развіццё беларуска-індыйскіх адносін у гандлёва-эканамічнай і іншых сферах", — сказаў Кабякоў.

У сваю чаргу Панкадж Саксена адзначыў, што паміж Беларуссю і Індыяй склаліся цёплыя адносіны, якія яшчэ больш умацаваліся дзякуючы візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю ў верасні 2017 года. Паводле слоў дыпламата, у Індыі ведаюць, якое вялікую ўвагу надае Беларусь развіццю двухбаковага ўзаемадзеяння. "Падчас візіту прэзідэнта былі дасягнутыя шэраг дамоўленасцяў, зараз абодва бакі працуюць над іх выкананнем, уключаючы прапанаваны Беларуссю праект у Аршанскім раёне", — дадаў пасол.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239