Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/22/948230_948231/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 07:13
22.03.2018 18:01 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка і Маргвелашвілі падпісалі дамову аб асновах супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Грузіяй

Мінск, 22 сакавіка. Па выніках перамоў 22 сакавіка ў Тбілісі падпісаны дагавор аб асновах супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Грузіяй. Подпісы пад дакументам паставілі прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі.
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, у дамове замацаваны намер Беларусі і Грузіі садзейнічаць умацаванню ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах, што ўяўляюць узаемную цікавасць.

Краіны дамовіліся аб далейшым развіцці палітычнага дыялогу, дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый, у тым ліку па ключавых пытаннях глабальнай і рэгіянальнай бяспекі.

Беларусь і Грузія працягнуць прыкладаць сумесныя намаганні ў рамках існуючых механізмаў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва ў мэтах паглыблення на ўзаемнай аснове міжгаліновага ўзаемадзеяння, умацавання эканамічных сувязяў і развіцця прамых кантактаў паміж суб`ектамі гаспадарання.

Адзначаецца таксама намер заахвочваць кантакты на ўзроўні малога і сярэдняга бізнесу і рэалізацыю сумесных праектаў, развіваць супрацоўніцтва ў галіне максімальна эфектыўнага выкарыстання транзітнага патэнцыялу бакоў шляхам рэалізацыі сумесных праектаў у галіне транспарту і лагістыкі, а таксама ўдзелу ў развіцці міжнародных транзітных калідораў.

Беларусь і Грузія будуць спрыяць пашырэнню міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў сферы турызму.

Дасягнуты таксама дамоўленасці па садзейнічанні пашырэнню і развіццю супрацоўніцтва па такіх кірунках, як адукацыя, культура і мастацтва, інфармацыйная сфера і маладзёжная палітыка, заахвочванні падрыхтоўкі і рэалізацыі сумесных навуковых праектаў.

Акрамя таго, у прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісана яшчэ 10 дакументаў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва па канкрэтных кірунках.

Лукашэнка прыбыў у Грузію 22 сакавіка і знаходзіцца там з двухдзённым візітам. Гэта яго другі афіцыйны візіт у Грузію, першы адбыўся ў красавіку 2015 года. Тады было падпісана 16 дакументаў па асноўных пытаннях развіцця двухбаковага супрацоўніцтва і прынята рашэнне аб адкрыцці ў Тбілісі беларускага пасольства.

Георгій Маргвелашвілі быў у Беларусі з афіцыйным візітам у сакавіку 2017 года.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239