Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/22/948254_948255/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2018 05:35
22.03.2018 20:13 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Дзве тысячы кіламетраў паміж Мінскам і Тбілісі — гэта не адлегласць, мы памятаем, што грузіны — нашы браты

Мінск, 22 сакавіка. Беларусь заўсёды будзе адкрыта для супрацоўніцтва з Грузіяй, заявіў 22 сакавіка ў Тбілісі Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоў з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі.

Лукашэнка прыбыў у Грузію 22 сакавіка і знаходзіцца там з двухдзённым візітам. Гэта яго другі афіцыйны візіт у Грузію, першы адбыўся ў красавіку 2015 года.

"Асабліва хачу падкрэсліць — у беларуска-грузінскіх адносінах няма закрытых тэм і пытанняў. Наш дыялог на ўсіх узроўнях адрознівае шчыры давер і павага, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы людзі абавязковыя. Калі мы дамовіліся — мы абавязкова гэта зробім. Калі мы нешта можам, вы нам скажыце, — мы абавязкова падключымся і дапаможам тут, у Грузіі, рэалізаваць жаданыя і патрэбныя для грузінскага народа праекты".

"Вы павінны памятаць, што 2 тыс. км адлегласць паміж Мінскам і Тбілісі — гэта не адлегласць. Мы памятаем, што вы — нашы браты, што мы жылі, можна сказаць, у адным доме. І вы павінны памятаць, што ў вас там, на Захадзе, у цэнтры Еўропы ёсць надзейная база, дзе вы можаце не толькі з кімсьці размаўляць, але і гандляваць. Мы гатовыя да гэтага супрацоўніцтва, і я ўпэўнены, вы верыце ў мае словы, таму што мы вас ніколі не падводзілі. Запэўніваю, што Беларусь заўсёды будзе адкрыта для супрацоўніцтва з Грузіяй, і я асабіста падтрымаю любыя сумесныя праекты, накіраваныя на далейшае пашырэнне і паглыбленне нашых адносін", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка таксама адзначыў, што вельмі хоча, як чалавек і як кіраўнік дзяржавы, каб у Грузіі было добрае і мірнае жыццё. "Грузінскі народ заслугоўвае павагі і мірнага існавання на гэтай планеце. Гэта старажытны народ, які даў цывілізацыі шмат добрага. Мы гэта цэнім", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за час, які прайшоў пасля яго папярэдняга візіту ў 2015 годзе, краіны значна прасунуліся наперад у супрацоўніцтве. Ён таксама падкрэсліў шчырую атмасферу цяперашніх сустрэч у Тбілісі, на якіх разгледжана шырокае кола пытанняў. Аднак асноўная ўвага традыцыйна была ўдзелена гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. "Па выніках мінулага года нашы краіны выйшлі на высокі ўзровень аб`ёмаў узаемнага гандлю — каля 112 млн долараў. Вядома, лічба невялікая. Але калі разумець, што некалі быў нуль, і на працягу двух-трох гадоў мы выйшлі на такі ўзровень, то гэта добрыя тэмпы. І я ўпэўнены, што хутка мы пераадолеем той запаветны 200-мільённы рубеж. І для гэтага ў нас ёсць усе перадумовы", — упэўнены Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь і Грузія ўжо пайшлі па шляху прамысловай кааперацыі. Беларусь можа прапанаваць шырокую гаму складанатэхнічнай прадукцыі — ад пасажырскіх аўтобусаў і электробусаў да спецыяльнай пажарнай тэхнікі. На днях у Тбілісі пачало функцыянаваць першае сумеснае прадпрыемства па зборцы беларускіх ліфтаў і іншых пад`ёмных механізмаў. Вырашаецца пытанне аб адкрыцці ў Грузіі зборачнай вытворчасці айчынных трактароў, разглядаюцца розныя варыянты супрацоўніцтва ў галіне фармацэўтыкі, лёгкай і харчовай прамысловасці. Беларусь таксама гатова аказаць садзейнічанне ў развіцці сельскай гаспадаркі Грузіі і ўмацаванні харчовай бяспекі. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што з сумесна вырабленай прадукцыяй неабходна выходзіць і на рынкі трэціх краін.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дружалюбныя беларуска-грузінскія адносіны не абмяжоўваюцца толькі эканамічным супрацоўніцтвам. Ён прапанаваў падзяліцца распрацоўкамі ў сферы папярэджання і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, дапамагчы ў падрыхтоўцы адпаведных кадраў. Развіваецца і ўзаемадзеянне ў медыцынскай сферы: у гэтым годзе з удзелам беларускіх спецыялістаў у Грузіі пачнецца рэалізацыя праграмы па трансплантацыі печані.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН