Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/23/948352_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.11.2018 23:09
23.03.2018 14:06 Палітыка, Грамадства

Працягваюцца затрыманні прыхільнікаў забароненага шэсця ў Дзень Волі

Мінск, 23 сакавіка. У Мінску працягваюць затрымліваць актывістаў апазіцыі — прыхільнікаў забароненага ўладамі шэсця 25 сакавіка з нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
23 сакавіка прадстаўнікі сілавых структур затрымалі каардынатара кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўгена Афнагеля і актывіста апазіцыі Леаніда Кулакова. Супрацоўнікі міліцыі прійшлі да дому яшчэ адной актывісткі Вольгі Нікалайчык, яе тэлефон адключаны.

21 сакавіка былі затрыманыя апазіцыйныя палітыкі Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык і Максім Вінярскі. Усе трое асуджаныя і зараз знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

Праваабаронцы расцэньваюць гэтыя затрыманні як прэвентыўныя з мэтай не дапусціць несанкцыянаванай акцыі 25 сакавіка.

Нагадаем, 25 сакавіка, калі апазіцыя адзначае Дзень Волі, Мінгарвыканкам дазволіў правесці святочны мітынг і канцэрт каля опернага тэатра. Тры заяўкі на правядзенне шэсця ў цэнтры горада былі адхіленыя ўладамі.

Нягледзячы на гэта, сустаршыня незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч заявіў пра намер правесці "Марш годнасці" ад плошчы Якуба Коласа да опернага тэатра. Статкевіч на гэты момант не затрыманы — ужо некалькі дзён ён не выходзіць з дома.

20 сакавіка сваё стаўленне да святкавання 100-годдзя БНР выказаў Аляксандр Лукашэнка. Гісторыю стварэння БНР ведаць трэба, але ганарыцца тымі падзеямі не варта, заявіў ён на сустрэчы з творчай моладдзю ў Мінску. З аднаго боку, адзначыў Лукашэнка, стваральнікі БНР хацелі незалежнасці для краіны, з іншага — "былі гатовыя прасіць у гэтай справе дапамогі ў каго заўгодна, аднак потым зноў бы апынуліся пад ботам". "Гэта была сумная старонка, і ў гісторыі многіх народаў такіх сумных старонак была маса", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў кіраўнікам органаў улады не ўмешвацца ў абмеркаванне працэсу святкавання 100-годдзя БНР. "Няхай яны самі разбяруцца. Хочуць яны каля опернага тэатра — няхай збіраюцца", — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён не супраць дэманстрацый і вулічных шэсцяў, але перакананы, што ні да чаго добрага яны не прыводзяць. "Не патрэбныя нам сёння гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсці. Не таму, што я іх баюся. Пройдуць па вуліцы, па Мінску, ну загадзяць гэты горад — перажывем. Але адзін раз, другі, трэці раз, а потым будзе, як 20 гадоў таму", — сказаў ён.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН