Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/23/948407_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2018 06:14
23.03.2018 17:19 Эканоміка, Грамадства

У Беларусі 24 сакавіка ў чацвёрты раз з пачатку года павышаюцца рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва

Мінск, 23 сакавіка. Канцэрн "Белнафтахім" у чарговы раз павышае рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва. Рознічныя цэны на бензін і дызельнае паліва з 24 сакавіка на аўтазаправачных станцыях Беларусі павялічваюцца на 1 капейку, або ў сярэднім на 0,76%, гаворыцца ў паведамленні канцэрна.

Кошт аднаго літра бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1 рубель 24 капейкі, АІ-95-К5-Еўра — 1 рубель 32 капейкі, АІ-98-К5-Еўра — 1 рубель 53 капейкі, ДП — 1 рубель 35 капеек.

Цяперашняе падаражанне стане чацвёртым з пачатку года. Першае адбылося 8 лютага, калі кошт паліва вырас на 2 капейкі, другое — 15 сакавіка (на 1 капейку). У 2017 годзе кошт на паліва павялічваўся сем разоў, а да гэтага больш за два гады (пасля 13 студзеня 2015 года) не змяняўся.

Раней крыніца ў нафтахімічнай галіны заявіў, што на працягу бліжэйшых месяцаў плануецца павысіць беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да ўзроўню цэн на прыгранічных запраўках у Расіі. Паводле інфармацыі БелаПАН, на дадзены момант гаворка ідзе аб павышэнні ўнутранай цаны на бензін на 8%, дызельнага паліва - на 4,5%.

"Сёння адрозненне беларускіх коштаў на паліва ад коштаў на прыгранічных запраўках у Расіі складае па бензіне 8%, па дызельным паліве — 4,5%. У пакрокавым рэжыме гэтая розніца будзе ліквідавацца", — растлумачыў прадстаўнік нафтаперапрацоўчай галіны, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Мяркуецца, удакладніў ён, што пачаты ў першым квартале этап павышэння ўнутраных цэн на паліва працягнецца да мая. "Калі ў маі прыйдзем да коштаў на паліва на ўнутраным рынку, якія супастаўныя з расійскімі, і не адбудзецца ніякіх макраўзрушэнняў, то абодва нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі атрымаюць прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі. Што тычыцца чыстага прыбытку, то з улікам закрэдытаванасці заводаў многае ў гэтым плане залежыць ад стабільнасці абменнага курсу рубля, бо крэдыты прыцягваліся ў замежнай валюце", — паведаміў суразмоўца.

Ён растлумачыў, што рашэнне аб паэтапным павышэнні цэн на паліва абумоўленае стратнай дзейнасцю нафтаперапрацоўчых заводаў. У пачатку бягучага года страты ад рэалізацыі паліва на ўнутраным рынку прыкладна ў два разы перавышалі прыбытак заводаў ад рэалізацыі прадукцыі на экспарт.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН