Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/23/948483_948484/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2018 23:37
23.03.2018 20:40 Палітыка

Беларусь падтрымлівае кандыдатуру ПАР на месца непастаяннага члена Савета бяспекі ААН

Мінск, 23 сакавіка. 23 сакавіка ў Прэторыі (ПАР) намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас сустрэўся з намеснікам міністра міжнародных адносін і супрацоўніцтва ПАР Левелінам Ландэрсам.

Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, падчас перамоў суразмоўцы з задавальненнем адзначылі вынікі 4-га пасяджэння Беларуска-паўднёваафрыканскага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якое прайшло напярэдадні. Адзначалася, што прынятыя на ім рашэнні і дасягнутыя дамоўленасці паміж кампаніямі дзвюх краін ствараюць салідную аснову для выхаду на практычную рэалізацыю значных праектаў эканамічнага супрацоўніцтва.

Адбыўся абмен віншавальнымі пасланнямі ад імя міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і міністра міжнародных адносін і супрацоўніцтва ПАР Ліндыве Сісулу з нагоды 25-годдзя з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі. Левеліну Ландэрсу была таксама ўручана нота аб падтрымцы Рэспублікай Беларусь кандыдатуры ПАР на месца непастаяннага члена Савета бяспекі ААН.

Дапкюнас падкрэсліў, што Паўднёвая Афрыка была і застаецца надзейным партнёрам Беларусі і адзначыў вялікі патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах, уключаючы адукацыю, сельскую гаспадарку, прамысловасць, высокія тэхналогіі, міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне.

Намеснікі кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін пагадзіліся з неабходнасцю лібералізацыі візавага рэжыму для аблягчэння чалавечых і дзелавых кантактаў. Была дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі кансультацый па консульскіх пытаннях з удзелам зацікаўленых ведамстваў. Бакі таксама пагадзіліся, што кантакты паміж знешнепалітычнымі ведамствамі павінны насіць рэгулярны характар.

Дапкюнас запрасіў паўднёваафрыканскага калегу наведаць Беларусь для правядзення поўнамаштабных знешнепалітычных кансультацый.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН