Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/24/948518_220011/
Дата раздрукоўкі: 23.03.2019 12:30
24.03.2018 12:19 Палітыка, Грамадства

КХП-БНФ праводзіць у Мінску акцыю, прысвечаную 100-годдзю абвяшчэння БНР

Мінск, 24 сакавіка. Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы сталіцы праводзіць святочны мітынг і канцэрт, прысвечаны 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства санкцыянаванае Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.

У адпаведнасці з заяўкай акцыя будзе доўжыцца да 16.00, зараз у ёй бяруць удзел некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі.

Паводле задумы арганізатараў мітынгу і канцэрта, сённяшнюю акцыю можна разглядаць як пачатак святкавання 100-годдзя БНР і пралог да ўрачыстага мітынгу і канцэрта, якія адбудуцца 25 сакавіка ля опернага тэатра ў Мінску і таксама санкцыянаваныя гарвыканкамам. Збор удзельнікаў плануецца з 13.00 да 14.00. Пасля мітынгу адбудзецца канцэрт, які будзе доўжыцца да 19.00.

Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

Сёлета Мінгарвыканкам не толькі даў дазвол на правядзенне мітынгу і канцэрта, але і вызваліў арганізатараў акцыі ад аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку і расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем і прыбіраннем тэрыторыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН