Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/25/948571_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2019 08:41
25.03.2018 06:03 Палітыка, Грамадства

100 год таму была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка

Мінск, 25 сакавіка. Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта гэты перыяд стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі надаваў вялікае значэнне арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З'явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, была узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася неабароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна.

На працягу многіх гадоў беларуская апазіцыя адзначае дату абвяшчэння БНР як Дзень Волі. Афіцыйна такога свята ў краіне няма.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ганарыцца падзеямі тых часоў не варта. 20 сакавіка на сустрэчы з творчай моладдзю ў Мінску ён заявіў: з аднаго боку, стваральнікі БНР хацелі незалежнасці для краіны, з іншага — "былі гатовыя прасіць у гэтай справе дапамогі ў каго заўгодна, аднак потым зноў бы апынуліся пад ботам". "Гэта была сумная старонка, і ў гісторыі многіх народаў такіх сумных старонак была маса", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш, Мінгарвыканкам дазволіў прадстаўнікам дэмсіл правесці сёння каля опернага тэатра святочны мітынг і канцэрт з нагоды 100-годдзя БНР. Шэсьце ў цэнтры горада гарадскія ўлады забаранілі.

Нягледзячы на забарону, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікаў сваіх прыхільнікаў сабрацца на плошчы Якуба Коласа, каб правесці "Марш годнасці" да опернага тэатра, дзе пройдзе канцэрт. "Улада хоча паказаць апазіцыю групай клоўнаў, якія ўмеюць толькі танцаваць і весяліцца", — заявіў Статкевіч. Для арганізатараў шэсця "было і застаецца прынцыповым паказаць народу, што мы з ім, што мы не канцэртная, а пратэстная, народная апазіцыя", падкрэсліў ён.

24 сакавіка стала вядома, што Статкевічу па пошце даслалі адміністрацыйны пратакол за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным маршы. Яго прыхільнікі былі затрыманыя напярэдадні.

На сустрэчы з творчай моладдзю 20 сакавіка Лукашэнка заявіў, што ён не супраць дэманстрацый і вулічных шэсцяў, але перакананы, што ні да чаго добрага яны не прыводзяць. "Не патрэбныя нам сёння гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсці. Не таму, што я іх баюся. Пройдуць па вуліцы, па Мінску, ну загадзяць гэты горад — перажывем. Але адзін раз, другі, трэці раз, а потым будзе, як 20 гадоў таму", — сказаў афіцыйны лідар.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН