Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/27/948962_948963/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 04:13
27.03.2018 13:08 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка: Падатковая сістэма павінна быць няцяжкай, але дзяржаву агаліць нельга

Мінск, 27 сакавіка. Рэфармаванне Падатковага кодэкса патрабуе збалансаванага падыходу, заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка на сустрэчы з кіраўніком апарату Савета міністраў Аляксандрам Турчыным, які таксама ўзначальвае Савет па развіцці прадпрымальніцтва.

"У нас павінна быць падатковая сістэма сапраўды няцяжкай, але дзяржава павінна функцыянаваць, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — І другое, што абсалютна правільна і дакладна, нас крытыкуюць часам за гэта — нам патрэбен Падатковы кодэкс зручны, просты, каб людзі разумелі яго. Але, рэфармуючы яго, каб мы ні ў той, ні ў іншы бок крэн не зрабілі". "То бок не зрабілі нашу падатковую сістэму залішняй, каб яна не ціснула на прадпрымальніцтва. І, з іншага боку, каб мы (гэта яшчэ больш небяспечна) не агалілі дзяржаву. Нельга агаліць асноўныя кірункі дзейнасці дзяржавы. А гэта — падаткі, грошы", — дадаў Лукашэнка.

Прадстаўнікі бізнесу шмат разоў выказвалі незадаволенасць дзейным Падатковым кодэксам. На сустрэчы з дзелавымі коламі ў снежні 2017 года Лукашэнка даручыў ураду цалкам перапрацаваць "гэты агромністы дакумент", зрабіць яго "простым і зразумелым".

Рабочая група для падрыхтоўкі прапаноў аб комплекснай карэкціроўцы Падатковага кодэкса створана ў пачатку лютага пры Мінфіне, яе ўзначальвае намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. Законапраект павінен быць унесены на разгляд урада да 25 чэрвеня.

22 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін адзначыў, што падатковая нагрузка ў Беларусі істотна вышэйшая, чым у іншых краінах ЕАЭС. "Мы тут неканкурэнтаздольныя. У Беларусі 45% ВУП пераразмяркоўваецца праз бюджэт — гэта шмат. Трэба вырашаць пытанні зніжэння падатковай нагрузкі", — падкрэсліў Калінін.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239