Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/27/948969_948970/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 06:31
27.03.2018 13:01 Эканоміка

Лукашэнка падтрымаў ідэю ўключэння прадстаўнікоў бізнесу ў грамадска-кансультатыўныя саветы пры міністэрствах

Мінск, 27 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову аб уключэнні прадстаўнікоў бізнесу ў грамадска-кансультатыўныя саветы пры міністэрствах. Пра гэта пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы 27 сакавіка паведаміў журналістам старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва, кіраўнік апарату Савета міністраў Аляксандр Турчын.

Паводле яго слоў, Лукашэнку было паведамлена аб выніках і перспектывах працы савета. "Савет цяпер працуе над сістэмнымі пытаннямі. Сёння быў унесены шэраг прапаноў, якія кіраўнік дзяржавы падтрымаў", — расказаў Турчын.

Ён адзначыў, што найбольш важная з такіх прапаноў — уключэнне прадстаўнікоў бізнесу ў склад грамадска-кансультатыўных саветаў, якія працуюць пры міністэрствах, каб яны былі падключаныя да працэсу распрацоўкі нарматыўна-прававых актаў.

"Для таго каб абмяркоўваць праекты нарматыўных актаў да таго, як яны выходзяць у свет, а не пасля, як часам у нас бывае, — цытуе Турчына БелТА. — Характэрны прыклад — маршруткі, перавозчыкі. Нейкая непатрэбная напружанасць у грамадстве, лішнія дэбаты. Мы на савеце ў мінулы чацвер разглядалі гэтае пытанне. Прытым хачу сказаць, што прыватны бізнес працуе як у рэгулярных перавозках, так і ў нерэгулярных. Нельга казаць, што гэта канфлікт бізнесу і дзяржавы. Гэта на сённяшні момант спроба зрабіць так, каб усе працавалі ў аднолькавых умовах".

Паводле слоў Турчына, на сустрэчы таксама ішла размова аб стварэнні саветаў па развіцці прадпрымальніцтва ў абласцях і раёнах Беларусі. "Перш за ўсё для таго, каб на гэтых дыялогавых пляцоўках абмяркоўваць узніклыя ў бізнесу праблемныя пытанні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады", — растлумачыў старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239