Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/27/948976_948977/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:26
27.03.2018 13:23 Эканоміка, Фінансы

Новая рэдакцыя Падатковага кодэкса павінна быць унесена на разгляд прэзідэнта да 1 верасня

Мінск, 27 сакавіка. Новая рэдакцыя Падатковага кодэкса павінна быць унесена на разгляд прэзідэнта да 1 верасня гэтага года, паведаміў журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы 27 сакавіка старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва, кіраўнік апарату Савета міністраў Аляксандр Турчын.

Паводле яго слоў, над новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса "вядзецца вялікая і сістэмная праца". "У Міністэрстве фінансаў створана рабочая група — каля 60 чалавек, у яе ўваходзяць і прадстаўнікі Савета па развіцці прадпрымальніцтва, прадстаўнікі бізнес-супольнасці. Пасяджэнні рабочай групы праводзяцца два-тры разы на тыдзень. Акрамя гэтага, ва ўрадзе пад старшынствам першага віцэ-прэм`ера створана рабочая група больш высокага ўзроўню для таго, каб тыя праблемныя пытанні, якія не вырашаюцца ў Мінфіне, мы маглі выносіць на гэты ўзровень і прымаць рашэнні", — цытуе Турчына БелТА.

Ідэалогія павінна быць такая — максімальна спрасціць само падатковае адміністраванне. "Але ўзровень збіральнасці і ўзровень даходаў бюджэту як мінімум павінен застацца на ранейшым узроўні", — падкрэсліў старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

Як паведамлялася раней, на сустрэчы з Турчыным Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць збалансаванага падыходу пры рэфармаванні Падатковага кодэкса. "У нас павінна быць падатковая сістэма сапраўды няцяжкай, але дзяржава павінна функцыянаваць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І другое, што абсалютна правільна і дакладна, нас крытыкуюць часам за гэта — нам патрэбен Падатковы кодэкс зручны, просты, каб людзі разумелі яго. Але, рэфармуючы яго, каб мы ні ў той, ні ў іншы бок крэн не зрабілі". "То бок не зрабілі нашу падатковую сістэму залішняй, каб яна не ціснула на прадпрымальніцтва. І, з іншага боку, каб мы (гэта яшчэ больш небяспечна) не агалілі дзяржаву. Нельга агаліць асноўныя кірункі дзейнасці дзяржавы. А гэта — падаткі, грошы", — дадаў Лукашэнка.

Рабочая група для падрыхтоўкі прапаноў аб комплекснай карэкціроўцы Падатковага кодэкса створана па распараджэнні кіраўніка дзяржавы ў пачатку лютага 2018 года пры Мінфіне, яе ўзначальвае намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. На разгляд урада законапраект павінен быць унесены да 25 чэрвеня.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239