Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/27/949051_558746/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 09:43
27.03.2018 16:09 Палітыка, Эканоміка

Адбылася чарговая тэлефонная размова Лукашэнкі і Парашэнкі

Мінск, 27 сакавіка. 27 сакавіка адбылася чарговая тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Як паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка, суразмоўцы абмеркавалі арганізацыю ў Беларусі Дзён культуры Украіны, якія запланаваныя на 7—20 ліпеня. У іх праграме выступы і канцэрты ўкраінскіх выканаўцаў і творчых калектываў на свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") і міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Лукашэнка і Парашэнка таксама абмеркавалі падрыхтоўку да правядзення ў кастрычніку 2018 года ў Гомелі першага форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

Размова ішла і пра развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў розных галінах. У тым ліку разгледжаны ход рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым узроўні падчас ранейшых узаемных візітаў лідараў дзвюх краін.

Папярэдняя тэлефонная размова паміж прэзідэнтамі дзвюх краін адбылася 27 лютага. Былі абмеркаваныя аналагічныя пытанні.

Апошняя сустрэча Лукашэнкі і Парашэнка прайшла 2 лістапада 2017 года ў Абу-Дабі (ААЭ), дзе беларускі кіраўнік знаходзіўся з рабочым візітам. Тады Лукашэнка заявіў, што ў гандлёва-эканамічных адносінах краіны "вельмі актыўна супрацоўнічаюць".

"Наш тавараабарот ужо, нягледзячы на рознага роду праблемы і перашкоды, склаў больш за 3 млрд долараў, напэўна, дзесьці 3,5 млрд долараў будзе на сённяшні дзень. Але ў нас ёсць вельмі добрая магчымасць пашырыць супрацоўніцтва за кошт узаемадзеяння рэгіёнаў", — адзначыў Лукашэнка.

Ён выказаў упэўненасць, што новы імпульс развіццю адносін паміж краінамі дасць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі. "Што да палітычнага ўзаемадзеяння, то ў нас увогуле праблем няма. Мы абсалютна ідзем тым курсам, па якім дамовіліся ісці", — падкрэсліў Лукашэнка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН