Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/28/eu_949290_949291/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:59
28.03.2018 14:06 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

МЗС: Візіт Макея ў Лондан будзе садзейнічаць нарошчванню двухбаковага супрацоўніцтва і ўнясе ўклад у агульнарэгіянальную стабільнасць

Мінск, 28 сакавіка. Візіт міністра замежных спраў Беларусі ў Вялікабрытанію будзе садзейнічаць нарошчванню двухбаковага супрацоўніцтва і ўнясе пазітыўны ўклад ва ўмацаванне агульнарэгіянальнай стабільнасці, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МЗС па выніках візіту Уладзіміра Макея ў Лондан 27—28 сакавіка.

Прэс-служба нагадвае, што гэты візіт стаў першым пасля працяглага перапынку (з 1993 года) наведваннем Вялікабрытаніі кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства.

У прэс-службе падкрэсліваюць, што Беларусь і Вялікабрытанія зацікаўлены ў далейшым развіцці двухбаковых адносін ва ўсіх галінах, а таксама ў прасоўванні ініцыятыў, якія былі б накіраваныя на паслабленне напружанасці міжнароднага становішча ў рэгіёне.

У Лондане Макей сустрэўся з міністрам замежных спраў і па справах Садружнасці Борысам Джонсанам, з якім абмеркаваў "перспектывы развіцця двухбаковых адносін у кантэксце актуальнай сітуацыі ў Еўрапейскім рэгіёне, у тым ліку выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза".

Адбыліся перамовы па шырокім спектры палітычных і эканамічных пытанняў з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Аланам Дунканам і дзяржаўным міністрам па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Грэгам Хэндсам.

Па выніках афіцыйных сустрэч падпісаны шэраг дакументаў: аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве (прадугледжвае стварэнне міжурадавага гандлёвага дыялогу для садзейнічання далейшаму развіццю ўзаемнага гандлю і інвестыцый паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй), аб узаемадзеянні паміж мытнымі органамі дзвюх краін.

У Вестмінстэрскім палацы прайшла сустрэча Макея з брытанскімі парламентарыямі, якія ўваходзяць у міжпартыйную групу па Беларусі. Адзначана важнасць замацавання станоўчай дынамікі ў дыялогу паміж народнымі прадстаўнікамі абедзвюх краін.

У Кенсінгтонскім палацы Макей сустрэўся з членам каралеўскай сям'і прынцам Майклам Кентскім, які раней наведваў Беларусь. "Адбыўся зацікаўлены абмен думкамі па пытаннях двухбаковага ўзаемадзеяння ў эканамічнай і гуманітарнай галінах", — адзначаецца ў паведамленні.

У лонданскім Сіці кіраўнік МЗС Беларусі правёў перамовы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця П'ерам Хейлбранам, падчас якіх абмеркаваны ўвесь комплекс пытанняў, звязаных з працай гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыі ў Беларусі. Разгледжаны ход рэалізацыі бягучых праектаў у рамках стратэгіі ЕБРР для Беларусі на 2016—2019 гады.

Падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР Сумай Чакрабарці бакамі адзначаны пазітыўная дынаміка ў аб'ёмах аперацый у Беларусі і пашырэнне сфер узаемадзеяння, у тым ліку за кошт падрыхтоўкі да рэалізацыі новых праектаў у транспартным, энергетычным, банкаўска-фінансавым і іншых сектарах.

У штаб-кватэры ЕБРР падпісана крэдытнае пагадненне па праекце рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі Р80 (участак другой кальцавой дарогі вакол Мінска). Рэалізацыя праекта дасць магчымасць завяршыць будаўніцтва другой кальцавой дарогі да адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. З улікам сродкаў, выдзеленых ЕБРР на праект (42,45 млн еўра), агульны аб'ём фінансавых рэсурсаў, выдзеленых ЕБРР Беларусі з 1992 года, перавысіў 2 млрд еўра.

У Цэнтры еўрапейскіх рэформ Макей прыняў удзел у пасяджэнні круглага стала "Сучасная Беларусь і яе месца ў Еўропе" з удзелам вядучых брытанскіх аналітычных цэнтраў (Каралеўскага інстытута міжнародных адносін, Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах і інш.). Макей выклаў пазіцыю Беларусі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Паводле звестак МЗС, Вялікабрытанія з'яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Апошнія некалькі гадоў Вялікабрытанія ўстойліва займае трэцяе месца па экспарце беларускіх тавараў. У 2017 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў 2.656,6 млн долараў, экспарт — 2.407,3 млн долараў, імпарт — 249,3 млн долараў. Сальда станоўчае — 2.157 млн долараў.

Вялікабрытанія займае другое месца па аб'ёме прыцягнутых у эканоміку Беларусі прамых замежных інвестыцый. Па выніках 2017 года аб'ём брытанскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў 2.591,3 млн долараў, прамыя інвестыцыі — 2.456,4 млн долараў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН