Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/29/949477_881125/
Дата раздрукоўкі: 25.01.2020 12:22
29.03.2018 12:36 Грамадства, Эканоміка

Абвінавачанне просіць для былога кіраўніка ФСАН Бачылы восем гадоў пазбаўлення волі

Мінск, 29 сакавіка. У судзе Ленінскага раёна Мінска на працэсе па справе аб карупцыйнай схеме, выбудаванай былым кіраўніцтвам СЗАТ "БелАВМ", Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Мінпрацы і сацабароны, АРІП і Нацбанка 29 сакавіка пачаліся спрэчкі бакоў.
Былога кіраўніка ФСАН Людмілу Бачылу дзяржаўны абвінаваўца, прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Вадзім Кісель, папрасіў прыгаварыць да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і забаронай на пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый і функцый прадстаўніка ўлады.

Былы чыноўнік абвінавачваецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі на падставе чч. 2 і 3 арт. 424 КК і ў атрыманні хабару паводле ч. 3 арт. 430 КК. Ёй ставіцца ў віну атрыманне 15 снежня 2016 года ад тады яшчэ генеральнага дырэктара СЗАТ "БелАВМ", а цяпер абвінавачанага ў даванні хабару згодна з чч. 1 і 2 арт. 431 КК Дзмітрыя Роніна 20 тыс. долараў у якасці падзякі за тое, што Бачыла паведамляла яму ў 2015 годзе нюансы падрыхтоўкі аўкцыёну па закупцы сеткавага абсталявання, які ў выніку выйграла яго кампанія, а таксама за тое, што раскрывала бізнесмену дэталі праграмы інфарматызацыі, што тычыліся ФСАН і магчымай закупкі абсталявання для гэтага ведамства.

Абвінавачаная на допыце назвала з'яўленне ў сябе ў сумцы 20 тыс. долараў "вельмі добра падрыхтаванай інсцэніроўкай".

У судзе Бачыла не прызнала віну ў атрыманні хабару. Яна таксама не прызнала, што Ронін на працягу некалькіх гадоў фінансаваў рамонт яе аўтамабіля.

Былога начальніка ўпраўлення інфарматызацыі ФСАН Віталя Старавойтава, які адказваў за падрыхтоўку конкурсных дакументаў на закупку сродкаў вылічальнай тэхнікі і які абвінавачваецца на падставе ч. 2 арт. 424 і ч. 2 арт. 430 КК, пракурор папрасіў прыгаварыць да трох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права на працягу пяці гадоў займаць пасады кіраўнікоў.

Паводле версіі следства, кіраўнік ФСАН Бачыла і яе падначалены забяспечылі перамогу кампаніі Роніна на электронных таргах. Старавойтаў, у прыватнасці, абвінавачваецца ў атрыманні 4 тыс. долараў праз супрацоўніка "БелАВМ" Леаніда Гарбачэўскага. Апошняга абвінавачваюць у даванні хабару згодна з ч. 2 арт. 431 КК.

У гэтым эпізодзе, паводле версіі следства, фігуруе былы намеснік дырэктара "БелАВМ" Мікалай Рамановіч (ч. 1 арт. 431 КК). Нібыта менавіта яны трое распрацавалі "патрэбнае" тэхнічнае заданне, якое дазволіла СЗАТ перамагчы ў аўкцыёне.

У судзе ўсе трое фігурантаў віну прызналі. Гарбачэўскі і Рамановіч знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Не прызналі ў судзе віну ў інкрымінаваных ім злачынствах былыя начальнік галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацбанка Анатоль Мароз (ч. 2 арт. 424, ч. 4 арт. 16, ч. 1 арт. 430 КК). Паводле новага абвінавачання яму ставяць у віну арганізацыю атрымання хабару. Намеснік Мароза Кацярына Паўлоўская абвінавачваецца на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса (ч. 2 арт. 424, ч. 1 арт. 430).

Мароз і Паўлоўская абвінавачваюцца ў атрыманне хабару ад Роніна ў выглядзе 3.200 долараў і шостага "Айфона" адпаведна за тое, што забяспечылі выдачу дазволу "БелАВМ" на працяг тэрміну завяршэння знешнегандлёвай аперацыі, нягледзячы на тое, што час для падачы ў Нацбанк такой заявы ўжо прайшоў. У гэтым выпадку, як заявіў на судзе дзяржабвінаваўца, службовыя асобы абавязаныя былі перадаць інфармацыю ў Камітэт дзяржкантролю, а кампанію чакала прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці.

Паўлоўская і Мароз былі ў сяброўскіх адносінах з Роніным, жанчыне ён дарыў дарагія падарункі.

Дзяржабвінаваўца папрасіў прыгаварыць Мароза да двух гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, аштрафаваць на 400 базавых велічынь (9.800 рублёў) і пазбавіць права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый і функцый прадстаўніка ўлады. Паўлоўскай пракурор папрасіў вынесці такое ж пакаранне, знізіўшы памер штрафу да 300 базавых велічынь (7.350 рублёў).

Былога старшыню праўлення ААТ "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "Адзіная разлікова-інфармацыйная прастора" (АРІП) Алега Верамейчыка прадстаўнік пракуратуры папрасіў пакараць паводле ч. 2 арт. 424 і ч. 3 арт. 430 КК пяццю з паловай гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады кіраўнікоў на працягу пяці гадоў.

Верамейчыку, які прызнаў у судзе віну, інкрымінуюць злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і атрыманне хабару ад Роніна ў 9.000 долараў і 6.400 еўра за забеспячэнне перамогі СЗАТ у тэндары на пастаўку абсталявання.

Былы гендырэктар кампаніі Дзмітрый Ронін у судзе прызнаў віну ў даванні хабару, але не пагадзіўся з тым, што рабіў гэта ў змове з іншымі асобамі. Кажучы, напрыклад, пра эпізод з кіраўніком ФСАН Бачылай, ён заявіў, што гэта не была інсцэніроўка спецслужбаў, а было жаданне аддзячыць.

Роніна дзяржабвінаваўца папрасіў прыгаварыць да двух гадоў пазбаўлення волі і накіраваць на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Былога намесніка дырэктара СЗАТ "БелАВМ" Мікалая Рамановіча і супрацоўніка кампаніі Леаніда Гарбачэўскага дзяржабвінаваўца папрасіў прыгаварыць да двух гадоў абмежавання волі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН