Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/29/949480_949481/
Дата раздрукоўкі: 09.08.2020 04:56
29.03.2018 12:52 Эканоміка, Палітыка

Часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША: Выхад нашых прадпрыемстваў на амерыканскі рынак перспектыўны, але патрабуе значных укладанняў

Мінск, 29 сакавіка. Беларускі экспарт у ЗША ў 2017 годзе вырас на 70%, а экспарт паслуг дасягнуў максімальнага значэння ў гісторыі двухбаковых адносінаў, паведаміў часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі у інтэрв`ю часопісу "Конъюнктура рынков", якое публікуе сайт МЗС.

Паводле яго інфармацыі, у грашовым выражэнні аб`ём беларускага экспарту ў ЗША летась дасягнуў 225 млн долараў. "Аднак гэтыя паказчыкі, калі ацэньваць ёмістасць амерыканскага рынку, усё яшчэ нязначныя — доля ЗША складае менш за 1% у агульным аб`ёме экспарту беларускіх тавараў", — дадаў дыпламат.

Унутраны попыт у ЗША, адзначыў ён, настолькі высокі, што, "нягледзячы на моц амерыканскай эканомікі і спробы правядзення цяперашняй адміністрацыяй Белага дома пратэкцыянісцкай палітыкі", тут ёсць вялікі рэзерв для працы маркетынгавых службаў беларускіх прадпрыемстваў.

Што да экспарту ў ЗША беларускіх паслуг, то ў 2017 годзе дасягнуты самы высокі ў гісторыі двухбаковых адносін паказчык — 570 млн долараў (рост на 30% пры станоўчым сальда ў 488 млн долараў).

Прыблізна 95% у аб`ёме экспарту паслуг складаюць IT-паслугі, адзначыў Шыдлоўскі. Экспарт беларускіх камп`ютарных паслуг летась дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню, перавысіўшы паўмільярда долараў (рост на 26%).

Паводле слоў часовага паверанага, вялікія надзеі ў пасольстве Беларусі ў ЗША ўскладаюць на рэалізацыю дэкрэта аб развіцці лічбавай эканомікі.

Асноўнымі таварнымі пазіцыямі экспарту ў ЗША з`яўляюцца калійныя ўгнаенні, металапрадукцыя, рэнтгенаўская апаратура, прылады на вадкіх крышталях, мэблю, азотныя ўгнаенні, ільняныя тканіны, шкловалакно, прадукцыя дрэваапрацоўкі, кандытарскія вырабы, кансерваваная рыба, паведаміў дыпламат.

"Спажывецкіх тавараў, якія выстаўляюцца на паліцы крам, сярод гэтых пазіцый параўнальна няшмат, але яны ёсць. І ў апошнія гады гэты сегмент беларускага экспарту расце", — дадаў ён.

Шыдлоўскі таксама ўказаў на наяўнасць абмежаванняў на пастаўкі некаторых груп экспартных тавараў. "У прыватнасці Беларусь не мае краінавай сертыфікацыі для пастаўкі ў ЗША мясной прадукцыі, а пастаўкі з рэспублікі малочнай прадукцыі кватуе, таму неабходны пошук амерыканскага імпарцёра, які мае квоты. Па астатніх спажывецкіх таварах, што вырабляюцца ў Беларусі, няма юрыдычных абмежаванняў для пастаўкі ў ЗША", — сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, зараз робяцца першыя крокі па прасоўванні беларускіх тавараў у крамы найбуйнейшых амерыканскіх гандлёвых сетак. "Між тым у многіх крамах у розных штатах ЗША, якія належаць невялікім гандлёвым сеткам, шырока прапанаваныя беларускія цукеркі, шакалад, пячэнне, рыбныя кансервы, мёд. Пастаўкі пакуль параўнальна невялікія, але яны ўжо прыносяць даход у некалькі мільёнаў долараў у год, і дынаміка росту добрая", — лічыць Шыдлоўскі.

Беларускім прадпрыемствам, дадаў ён, "варта падрыхтавацца да таго, што выхад на рынак ЗША можа быць спалучаны са значнымі першапачатковымі ўкладаннямі, якія ўключаюць і выдаткі, звязаныя з забеспячэннем зваротнай сувязі з канчатковымі спажыўцамі". "Неабходна прыкласці намаганні для арганізацыі рэкламы, праходжання сертыфікацыі прадукцыі, правядзення маркетынгавых даследаванняў, наладжвання кантактаў з партнёрамі ў ЗША", — растлумачыў дыпламат.

Адказваючы на пытанне аб перашкодах для росту беларускага экспарту ў ЗША, Шыдлоўскі нагадаў, што з-за ўвядзення адміністрацыяй ЗША санкцый у дачыненні да канцэрна "Белнафтахім" і яго прадпрыемстваў аб`ём узаемнага гандлю ў 2008—2015 гадах скараціўся. "У выніку адбылося пераарыентаванне беларускімі прадпрыемствамі экспартных патокаў з амерыканскага рынку на рынкі іншых краін перад пагрозай пашырэння санкцый", — дадаў часовы павераны.

З кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША кожныя паўгода працягвае ліцэнзію аб прыпыненні санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны. Гэта значыць санкцыі фактычна прыпыненыя, але не скасаваныя, падкрэсліў Шыдлоўскі. "Бізнес-партнёры з асцярогай ідуць на заключэнне здзелак, бо баяцца магчымасці аднаўлення санкцый у любы момант, што можа прывесці да фінансавай і рэпутацыйнай шкоды", — растлумачыў ён.

Акрамя таго, паводле слоў дыпламата, дзейнічае антыдэмпінгавая мера ў дачыненні да будаўнічай арматуры, што выпускае Беларускі металургічны завод. На працягу 2017 году праводзілася антыдэмпінгавае расследаванне, якое тычыцца ўвозу з Беларусі вугляродзістай і легаванай сталёвай катанкі.

"Негатыўны вынік дае і пратэкцыянісцкая палітыка новай адміністрацыі ЗША, і строгае прытрымліванне прынцыпу "купляй амерыканскае", — дадаў Шыдлоўскі. — Уведзеныя новыя антыдэмпінгавыя пошліны ў дачыненні да прадукцыі БМЗ, а гэта — страты ў экспарце на суму прыблізна 15 млн долараў, якія трэба кампенсаваць за кошт павелічэння паставак іншых відаў металапрадукцыі".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239