Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/29/949537_949538/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 06:15
29.03.2018 15:26 Палітыка

Спецдакладчык ААН Харасці ў чарговы раз заклікае беларускія ўлады выконваць свае абавязацельствы ў сферы правоў чалавека

Мінск, 29 сакавіка. "Бясконцая хваля рэпрэсій ўтрымлівае грамадства ў стане пастаяннага паралічу", — заявіў спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці ў сувязі з затрыманнямі ў Беларусі 25 сакавіка.
"На мінулых выхадных улады ў Беларусі зноў здзейснілі масавыя парушэнні правоў грамадзян на мірныя сходы ў сталіцы, Мінску, і па ўсёй краіне. Гэта з'яўляецца сведчаннем як сімвалічнай, так і практычнай адмовы прэзідэнта краіны ад любога прагрэсу ў сферы правоў чалавека", — падкрэсліў Харасці ў заяве, апублікаванай на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Ён адзначыў, што дэманстранты збіраліся 25 сакавіка адзначыць 100-годдзе стварэння БНР, але больш за сотню грамадскіх і палітычных актывістаў, журналістаў "альбо не змаглі пакінуць свае кватэры, альбо былі затрыманыя падчас мітынгу". Паводле слоў Харасці, шмат каму з іх было выстаўлена абвінавачанне ў парушэнні працэдуры арганізацыі масавага мерапрыемства ў адпаведнасці з законам, які крытыкуюць за тое, што любы грамадскі сход без дазволу ўладаў лічыцца злачынствам.

Харасці падкрэсліў, што прэвентыўна, за некалькі дзён да 25 сакавіка, былі затрыманыя "вядучыя апазіцыйныя палітыкі і былыя кандыдаты ў прэзідэнты", у тым ліку Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў.

"Паведамленні пра тое, што актывісты былі адвольна затрыманыя ў такіх гарадах, як Бабруйск, Брэст, Слуцк, Магілёў, павінны нагадваць нам, што рэпрэсіі ў Беларусі цэнтралізавана спланаваны і арганізаваны ўладамі", — сказаў Харасці.

Спецдакладчык адзначыў, што 25 сакавіка былі затрыманыя і валанцёры пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна", якія вялі маніторынг таго, што адбываецца, у Мінску.

Харасці нагадаў, што ў сакавіку 2017 года ў Беларусі таксама затрымліваліся сотні людзей, якія мірна пратэставалі супраць дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, а ў кастрычніку мінулага года "хваля пакарання паразіла як патэнцыйных, так і фактычных удзельнікаў "Маршу нязгодных".

Паводле слоў спецдакладчыка, у Беларусі, дзе дзяржава ажыццяўляе кантроль за ўсімі СМІ, не слабее падаўленне права на свабоду слова. "Міністэрства інфармацыі ў студзені 2018 года заблакавала сайт Charter97.org, які вядомы як эпіцэнтр крытычных водгукаў у адрас урада, — сказаў Харасці. — Сцвярджалася, што сайт парушае закон аб СМІ, але ніякіх доказаў прыведзена не было".

Як адзначыў Харасці, беларускія ўлады "па-ранейшаму трымаюць сваіх апанентаў у турмах, нягледзячы на запэўніванні, што яны вызвалілі ўсіх палітычных зняволеных". "У прыватнасці, я занепакоены сітуацыяй з Міхаілам Жамчужным, які, паводле паведамленняў, быў нядаўна збіты іншым зняволеным. Я заклікаю ўлады звярнуць на гэта ўвагу і вызваліць Жамчужнага, як і іншых палітычных апанентаў", — заявіў Харасці.

Спецдакладчык таксама заклікаў Беларусь спыніць прымяненне смяротнай кары. У заяве падкрэсліваецца, што цяпер сем чалавек знаходзяцца ў статусе асуджаных на вышэйшую меру пакарання, двум з іх прысуды былі вынесеныя ў студзені гэтага года.

"Судовая машына забойстваў працягвае груба ігнараваць міжнародную крытыку і рэкамендацыі па замене смяротнага пакарання пажыццёвымі тэрмінамі, а заклікі да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне так і не былі пачутыя", — сказаў Харасці.

Ён таксама адзначыў: "У мінулым годзе ў Беларусі адбылося сур'ёзнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека. У першым квартале гэтага года я не ўбачыў ні змен, ні спробаў ці нават планаў спыніць пазбаўляць беларускі народ яго асноўных правоў і свабод".

27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, павiнны спыняцца імгненна. На сустрэчы з кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам ён адзначыў, што некаторыя грамадзяне вырашылі адсвяткаваць 100-годдзе з дня ўтварэння БНР правядзеннем несанкцыянаваных мерапрыемстваў, нягледзячы на тое што яны былі забароненыя. "Што хочам, тое і робім. Усе павінны разумець, што бардак пачынаецца з гэтага", — сказаў Лукашэнка.

"Таму, — дадаў ён, — вы не глядзіце па баках. Не трэба глядзець, якую заяву зробіць Еўрасаюз або Дзярждэпартамент, гэта іх справа рабіць заявы. Але не дай бог нам спарадзіць тое становішча, у якім сёння жывуць заходнія дзяржавы. Вазьміце Францыю — за што гінуць людзі? Няхай у нас будзе недасканалы дзяржаўны лад, але мы павінны арганізаваць бяспеку людзей. Таму любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, павiнны спыняцца імгненна. Яны павінны разумець і чуць, што гэта не выдумка міліцыі".

Як лічыць Лукашэнка, у Беларусі дастаткова свабодаў для грамадзян. "Не трэба лезці на ражон. Але калі ты лезеш на ражон і хочаш сябе паказаць, ну што ж, гэта ў асноўным мужыкі, і атрымлівайце тады", — заявіў ён.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН