Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/29/949613_12345/
Дата раздрукоўкі: 25.01.2020 12:22
29.03.2018 19:05 Эканоміка

Прадстаўнік МПЗ: Радыкальных змен у Падатковым кодэксе не будзе

Мінск, 29 сакавіка. Радыкальных змен у падатковым заканадаўстве Беларусі чакаць не варта. Пра гэта заявіла начальнік упраўлення прамога падаткаабкладання галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання Міністэрства па падатках і зборах Вольга Тарасевіч 29 сакавіка падчас анлайн-канферэнцыі, арганізаванай інфармагенцтвам БелТА.

Паводле яе слоў, па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі створаныя дзве рабочыя групы па карэкціроўцы і рэфармаванні падатковага заканадаўства. "Вельмі шчыльна працуе група, створаная пры Міністэрстве фінансаў. Ужо адбылося 10 пасяджэнняў, цяпер ідзе праца непасрэдна над артыкуламі і раздзеламі Падатковага кодэкса. Абмяркоўваецца, якія нормы павінны захавацца, якія неабходна адкарэктаваць, а якія зусім прыбраць, бо яны ўжо састарэлі і трэба пераходзіць да іншага парадку вылічэння падаткаў", — адзначыла прадстаўнік МПЗ.

"Радыкальных зменаў падатковага заканадаўства, хутчэй за ўсё, не будзе. Але плануецца змяніць механізм вылічэння шэрагу падаткаў, спрасціць іх адміністраванне. Нейкія механізмы мы наогул плануем адмяніць, нейкія — удасканаліць такім чынам, каб іх лёгка можна было ўжываць на практыцы — разлічваць суму падатку і вызначаць падатковыя абавязацельствы з мінімальнымі выдаткамі часу", — сказала Тарасевіч.

Начальнік упраўлення падкрэсліла, што з унясеннем зменаў у заканадаўства прадугледжваецца агульнае зніжэнне падатковай нагрузкі, але не за кошт дадатковых ільгот або карэкціроўкі падаткаабкладаных баз і аб'ектаў, а за кошт прымянення іншага механізму разліку самой сумы падатку. "Працягнецца збліжэнне бухгалтарскага і падатковага ўліку, каб прыйсці да адзінага адлюстравання пэўных паказчыкаў. Тым самым мы скароцім колькасць карэкціровак, неабходных для вызначэння сум падаткаў. Завяршыць працу над праектам закона аб унясенні зменаў у Падатковы кодэкс плануецца да канца другога квартала", — удакладніла Тарасевіч.

Як паведамлялася, распрацаваць новую рэдакцыю Падатковага кодэкса Лукашэнка даручыў да 1 верасня 2018 года.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН