Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/30/949698_587469/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 09:24
30.03.2018 12:59 Эканоміка

Беларуская ўніверсальная таварная біржа акрэдытавала першага брокера з Украіны

Мінск, 30 сакавіка. У ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" (БУТБ) 30 сакавіка акрэдытаваны першы брокер з Украіны — ТАА "ДАСТ", паведаміла прэс-служба біржы.

Кампанія спецыялізуецца на пастаўках украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі для вытворча-перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Паводле слоў дырэктара ТАА "ДАСТ" Якава Шыбецкага, рынак Беларусі "вельмі цікавы для ўкраінскага бізнесу, а біржавы механізм дазваляе працаваць з беларускімі суб'ектамі гаспадарання без пасрэднікаў і з мінімальнымі рызыкамі".

"У якасці ўдзельніка таргоў з БУТБ мы супрацоўнічаем ужо больш як шэсць гадоў. У асноўным рэалізуем рапсавую і сланечнікавую макуху, шроты алейных культур, кукурузу і соевыя бабы. Уся гэтая прадукцыя карыстаецца стабільным попытам у беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Статус біржавога брокера адкрывае для нас новыя магчымасці. У прыватнасці мы плануем пашырыць наменклатуру тавараў, што пастаўляюцца праз біржу, і істотна нарасціць аб'ём біржавых здзелак, у тым ліку шляхам прыцягнення на таргі ўкраінскіх кампаній", — адзначыў Шыбецкі.

З 2015 года ў адпаведнасці са зменамі ў заканадаўстве аб біржавы гандлі таварамі кампаніі — нерэзідэнты Рэспублікі Беларусь атрымалі права ўдзельнічаць у біржавых таргах БУТБ у якасці брокераў. Зараз на БУТБ акрэдытаваныя шэсць замежных брокераў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Турцыі і Украіны. Лідарам рэйтынгу дзелавой актыўнасці з'яўляецца латвійскі брокер — кампанія Business Support Services, якая паводле вынікаў 2017 года прыцягнула на БУТБ 14 новых удзельнікаў і ажыццявіла біржавых здзелак больш як на 4 млн долараў.

На 1 сакавіка 2018 года на БУТБ акрэдытаваныя 18.892 кампаніі, у тым ліку 3.871 нерэзідэнт з 59 краін. У студзені—лютым 2018 года агульны тавараабарот па ўсіх біржавых гандлёвых секцыях склаў 536 млн рублёў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН