Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/30/949706_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 10:03
30.03.2018 12:43 Эканоміка

Лукашэнка даручыў шукаць новыя рынкі збыту прадукцыі

Мінск, 30 сакавіка. Ва ўмовах праблем з пастаўкамі беларускіх прадуктаў у Расію Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць новыя рынкі збыту. "Калі Расія нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж — сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца", — заявіў Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён Мінскай вобласці.
"Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы, таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець", — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

"Яны завезлі, нехта адкаты атрымаў за гэта сухое малако з Новай Зеландыі. Па-першае, што прывезлі, чым народ кормяць? Але гэта — іх праблема. Яны гэтага не разумеюць і разумець не хочуць, таму што паўсюль адкаты", — зазначыў Лукашэнка.

"А мы павінны бачыць свае інтарэсы, якія не супярэчаць інтарэсам расіян, — дадаў ён. — Мы ім дрэннага нічога не вязем. Дай бог, як самі правяраючыя кажуць, каб у Расіі было так, як у Беларусі. Таму будзем вызначацца ў гэтым годзе. Што ж мы добрую справу робім і на каленях пастаянна стаім".

Як паведамляе  БелТА, прэзідэнту даклалі, што балансы па пастаўцы малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расію пакуль не падпісаныя — бакі працягваюць перамовы. Прагучала меркаванне, што дзеянні расійскага боку па забароне паставак з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў звязаныя з пастаўкамі ў Расію вялікіх аб'ёмаў сухога малака з іншых краін, у прыватнасці — з Новай Зеландыі.

Праблемы з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак паўсталі ў канцы лютага — Рассельгаснагляд сцвярджае, што яна небяспечная. 19—23 сакавіка прадстаўнікі расійскага ведамства праінспектавалі беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Па выніках праверкі Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускую ветэрынарную службу ў датычнасці да ашуканскіх схем.

Мяркуецца, што бліжэйшыя беларуска-расійскія перамовы на вышэйшым узроўні пройдуць у межах пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы. Дата пасяджэння пакуль не называецца, але вядома, што яго плануецца правесці ў Мінску. Абмяркоўваючы 12 сакавіка падрыхтоўку да пасяджэння ВДС з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, Лукашэнка заявіў, што ёсць шэраг пытанняў, якія ім варта абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным. "І ў сферы ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, і ў сферы эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. Думаю, што фармат Саюзнай дзяржавы для гэтага падыходзіць", — сказаў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН