Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/03/30/949826_949827/
Дата раздрукоўкі: 27.07.2021 18:42
30.03.2018 19:42 Грамадства

Кабякоў: Праверкі арганізацыі бяспекі ў месцах масавага знаходжання людзей будуць праводзіцца пастаянна і нечакана

Мінск, 30 сакавіка. Арганізацыя бяспекі ў месцах масавага знаходжання людзей застанецца на асаблівым кантролі, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 30 сакавіка ў Лідзе (Гродзенская вобласць), наведваючы Цэнтр бяспекі.

"Што тычыцца стану месцаў, дзе можа быць масавае знаходжанне людзей, то над гэтым павінна быць пастаянная праца, перш за ўсё гэта клопат кіраўнікоў, арганізатараў мерапрыемстваў, у якіх удзельнічае вялікая колькасць людзей, — прыводзіць словы Кабякова прэс-служба ўрада. — Вядома, пытанні элементарнай бяспекі, пажарных выхадаў, сістэм пажаратушэння — гэта ўсё павінна працаваць, кожную хвіліну і кожную секунду быць гатова да выкарыстання ў выпадку неабходнасці. Такія праверкі будуць праводзіцца пастаянна, прычым нечакана".

Як адзначыў Кабякоў, рашэннем Аляксандра Лукашэнкі істотна спрошчаны ўмовы вядзення бізнесу, у тым ліку аптымізаваныя праверкі прадпрымальнікаў. "Вядома, гэта будзе пастаўлена ў аснову. Але, падкрэслю, спрашчэнне вядзення бізнесу не павінна весці да таго, што будзе павышацца небяспека прысутнасці людзей на аб'ектах, дзе ёсць хаця б мінімальная верагоднасць надзвычайных сітуацый", — сказаў прэм'ер-міністр.

На думку кіраўніка ўрада, для арганізацыі бяспекі неабходна спалучэнне трох кампанентаў: кантроль з боку дзяржавы, адказнасць арганізатараў масавых мерапрыемстваў, веданне самімі людзьмі правілаў бяспекі.

"Вядома, пытанні арганізацыі бяспекі не могуць абмяжоўвацца разавымі акцыямі, гэта праца павінна быць пастаяннай", — падсумаваў Кабякоў.

27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка даручыў МУС і МНС праверыць месцы масавага знаходжання людзей у сувязі з трагедыяй у расійскім Кемераве (у гандлёва-забаўляльным цэнтры "Зімовая вішня" загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця) і пры наяўнасці сур'ёзных недапрацовак з боку ўладальнікаў гэтых устаноў жорстка пакараць іх.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239