Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/04/950443_950444/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:35
04.04.2018 13:23 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоў аб урэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны

Мінск, 4 красавіка. У Мінску 4 красавіка праходзіць сустрэча рабочых падгруп трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны, паведаміў МЗС Беларусі ў "Твітэры".

Перамовы праходзяць у "Прэзідэнт-гатэлі", як звычайна — у закрытым для прэсы рэжыме. У другой палове дня тут чакаецца пасяджэнне кантактнай групы.

Папярэднія перамовы кантактнай групы адбыліся ў Мінску 14 сакавіка. Яны праходзілі без удзелу спецпрадстаўніка дзейнага старшыні АБСЕ Марціна Сайдзіка, які не змог прыбыць з Кіева з-за нялётнага надвор'я. На наступны дзень пасля перамоў Сайдзік распаўсюдзіў заяву, у якой адзначалася, што на Данбасе знізілася колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню і ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва.

Сайдзік нагадаў, што раней бакі канфлікту пацвердзілі "поўную прыхільнасць да ўсёабдымнага, устойлівага і неабмежаванага спынення агню пачынаючы з 5 сакавіка". "Згодна з гэтай заявай, у апошні час стала магчымым значна скараціць сярэднюю колькасць парушэнняў спынення агню да аднаго з самых нізкіх узроўняў за апошнія два гады. Сёлета таксама атрымалася дамагчыся значнага скарачэння колькасці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года іх колькасць скарацілася ў тры разы — паводле папярэдніх дадзеных, прадстаўленых Спецыяльнай маніторынгавай місіяй АБСЕ. Усё гэта наглядна дэманструе, што палітычная воля можа паслужыць шматлікім дасягненням", — падкрэсліў спецпрадстаўнік.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН