Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/04/950585_112546/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 07:06
04.04.2018 21:47 Эканоміка, Грамадства

Правядзеннем праверак у АПК зоймецца спецыяльная рабочая група

Мінск, 4 красавіка. Для правядзення праверачных мерапрыемстваў па пытаннях працы аграпрамысловага комплексу створаная рабочая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, Генеральнай пракуратуры, МУС і Следчага камітэта Беларусі.
Як інфармуе прэс-служба КДК, аналагічныя рабочыя групы створаныя ў абласцях краіны. 5 красавіка яны пачнуць вывучэнне сітуацыі ў сельгасарганізацыях. "Мерапрыемствы будуць праводзіцца ў форме маніторынгаў. Асноўны акцэнт правяральшчыкі зробяць на праблемных пытаннях, абвешчаных на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны", — гаворыцца ў паведамленні.

Нароўні з кантролем за гатоўнасцю гаспадарак да правядзення веснавой сяўбы і арганізацыяй пасяўной кампаніі будуць вывучаныя пытанні эфектыўнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак (тэхнікі, сельскагаспадарчых аб`ектаў), навядзення парадку на зямлі, недапушчэння фактаў прыпісак, своечасовай выплаты заработнай платы, захаванасці паліва.

"Рабочымі групамі будуць прымацца ўсе меры для ліквідацыі выяўленых недахопаў у максімальна кароткія тэрміны. Службовыя асобы, вінаватыя ў парушэнні заканадаўства і безгаспадарчасці, будуць прыцягнутыя да адказнасці", — адзначае прэс-служба КДК.

На рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі 3 красавіка Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Генпракуратуры, МУС і Камітэта дзяржкантролю правесці праверкі і пакараць вінаватых у парушэннях у АПК.

Кіраўнік дзяржавы зноў папярэдзіў кіраўнікоў аб непазбежнай адказнасці за карупцыю і запатрабаваў неадкладна правесці праверкі. "Глядзіце, мужыкі. Лепш жабраком, але на волі. Чым багатым там (у месцах пазбаўлення волі. — БелаПАН.). Усё на вачах у людзей. Не думайце, што складана вас вылічыць і ніхто ведаць не будзе", — заявіў Лукашэнка.

"Правядзіце кантрольныя праверкі неадкладна, і самым жорсткім чынам трэба пакараць вінаватых па ўсіх выяўленых у АПК парушэннях і фактах, якія былі сёння выкладзеныя. Праінфармуйце мяне — якія прынятыя рашэнні, як пакараныя вінаватыя. Хопіць размаўляць на гэтыя тэмы, правядзіце кантрольныя праверкі і прывядзіце ўсіх ў пачуццё", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва Генпракуратуры, МУС і КДК.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239