Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/05/950660_950661/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 04:12
05.04.2018 13:55 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі

Мінск, 5 красавіка. Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка прызначыў новым міністрам лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу.

Віталь Дрожжа нарадзіўся ў 1978 годзе ў гарадскім пасёлку Карэлічы Гродзенскай вобласці. У 2000 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, у 2011 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Працоўную дзейнасць Дрожжа пачынаў у Лагойскім лясгасе на пасадзе рабочага. У 2000—2001 гадах служыў у органах унутраных спраў. У 2001—2006 гадах — ляснічы Чырвона-Швабскага лясніцтва Лагойскага лясгаса. У 2006—2008 гадах — галоўны інспектар аддзела кантрольна-рэвізійнай работы і дзяржаўнага кантролю за лесам Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. З 2008 па 2013 год кіраваў Бабруйскім лясгасам. З 2013 года да гэтага часу працаваў на пасадзе генеральнага дырэктара дзяржаўнай прыродаахоўнай установы "Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры".

Ранейшы кіраўнік Мінлясгаса Міхаіл Амельяновіч, які ўзначальваў міністэрства лясной гаспадаркі з сакавіка 2010 года, быў вызвалены ад займанай пасады 15 лютага "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях". З той жа фармулёўкай быў звольнены міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко.

16 лютага, размаўляючы з работнікамі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, Лукашэнка расказаў, што ў лясной гаспадарцы была выяўлена карупцыйная схема: добрая драўніна дакументальна выдавалася за некандыцыю і незаконна ішла на экспарт. "Працавалі цэлы год па ўсёй краіне. Які гэта міністр? Што, я цярпець павінен такога міністра? На яго ўжо, шчыра кажучы, сорамна было з боку глядзець. Паўстае пытанне: ты працаваў ці там быў павязаны з імі", — сказаў Лукашэнка.

У той жа дзень газета Адміністрацыі прэзідэнта "Советская Белоруссия" са спасылкай на КДБ паведаміла пра затрыманне 12 супрацоўнікаў сістэмы Мінлясгаса з Мінскай, Магілёўскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей, а таксама двух бізнесменаў, звязаных з імі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239