Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/05/950666_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 01:57
05.04.2018 13:55 Эканоміка

Міністр сельскай гаспадаркі РФ: Беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту

Мінск, 5 красавіка. Беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту, заявіў у інтэрв'ю РИА Новости міністр сельскай гаспадаркі РФ Аляксандр Ткачоў.

Паводле яго слоў, Беларусь з'яўляецца найбуйнейшым экспарцёрам малочнай прадукцыі ў Расію. "Амаль 120 беларускіх малочных прадпрыемстваў увозяць да нас сваю прадукцыю — у 2017 годзе яе доля ў агульным аб'ёме паставак склала 86% — гэта 950 тысяч тон малочнай прадукцыі. Рост за тры гады на 24%", — сказаў міністр.

"Беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту, таму што ў нас сур'ёзныя намеры напаіць расіян айчынным малаком. Мы плануем у найбліжэйшыя 5—7 гадоў закрыць гэтае пытанне, але пакуль бачым, што нармальнаму развіццю рынку перашкаджае нядобрасумленная канкурэнцыя з малочнай прадукцыяй, якая змяшчае раслінныя тлушчы, і сухім малаком", — адзначыў Ткачоў.

Беларускія пастаўшчыкі сухога абястлушчанага малака, паводле яго слоў, "адкрыта дэмпінгуюць пры пастаўках на расійскі рынак: толькі за два няпоўныя месяцы 2018 года Беларусь двойчы зніжала экспартныя цэны на сухое абястлушчанае малако". Напрыклад, у сакавіку 2018 года сухое малако з Беларусі каштавала 103,5 рубля за кілаграм — амаль на 40% ніжэй, чым у студзені 2017-га, паведаміў міністр. Шмат у чым гэта звязана з ростам вытворчасці малака ў самой Беларусі і краінах Прыбалтыкі, што сур'ёзна цісне на цану, дадаў ён.

Ткачоў таксама сцвярджае, што беларускі бок не выконвае абумоўленыя балансы паставак. Паводле яго слоў, балансы штогод узгадняюцца ў першым квартале года, "але, як правіла, рэальныя пастаўкі перавышаюць зацверджаныя аб'ёмы". Міністр прывёў дадзеныя Федэральнай мытнай службы РФ, згодна з якімі летась з Беларусі было пастаўлена 101,1 тысячы тон сухога абястлушчанага малака, хоць па балансах была дамоўленасць аб пастаўках 80 тысяч тон.

Паводле слоў Ткачова, паколькі Расія і Беларусь у межах Саюзнай дзяржавы не вядуць мытны кантроль у поўным фармаце, звесткі аб руху тавараў паступаюць не аператыўна, са спазненнем на 45 дзён. "Для параўнання: звесткі па гандлі з трэцімі краінамі паступаюць у штотыднёвым фармаце. З-за адсутнасці такой аператыўнай інфармацыі заўсёды ёсць рызыка ўвозу на тэрыторыю краіны прадукцыі ў большым аб'ёме, чым было зацверджана ва ўзгодненых балансах", — растлумачыў расійскі чыноўнік.

Ён таксама заявіў, што, "як паказалі праверкі Рассельгаснагляда, з ліпеня 2017 года ў беларускай малочнай прадукцыі знаходзяць раслінныя тлушчы і рэшткі антыбіётыкаў". "А гэта ўжо — не толькі пытанне эканомікі, няякасная малочная прадукцыя — гэта, без перабольшання, пытанне здароўя нацыі", — падкрэсліў Ткачоў.

Праблемы з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак паўсталі ў канцы лютага гэтага года. 19—23 сакавіка прадстаўнікі расійскага ведамства праінспектавалі беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Па выніках праверкі Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускую ветэрынарную службу ў дачыненні да ашуканскіх схем.

30 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён Мінскай вобласці Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць новыя рынкі збыту. "Калі Расія нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж — сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца", — заявіў Лукашэнка 30 сакавіка. "Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы, таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець", — дадаў ён.

Тады ж прэзідэнт быў праінфармаваны, што балансы па пастаўцы малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расею пакуль не падпісаныя — бакі працягваюць перамовы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239