Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/05/950674_950675/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 03:25
05.04.2018 14:11 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка запатрабаваў ад новага кіраўніка Мінлясгаса "навесці парадак у лесе"

Мінск, 5 красавіка. Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка пры прызначэнні новага міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжы запатрабаваў "навесці парадак у лесе".

"Навядзіце парадак у лесе, каб за хабар леснікі і ляснічыя не сплаўлялі лес і каб гэты лес за драбязу, капейкі, за цэнты не трапляў на Захад, а адтуль яны нам з гэтага лесу не везлі мэблю. Тут павінен быць дзяржаўны падыход да гэтай справы. Анфімаў (старшыня КДК) сказаў, што вы чалавек дзяржаўны. Мяне гэта вельмі задавальняе. Вы павінны быць дзяржаўным чалавекам, таму што будзеце займацца вельмі дзяржаўнай сферай. Лес заўсёды будзе дзяржаўнай справай", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

На сустрэчы з новым міністрам кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму лесааднаўлення, запатрабаваўшы высаджваць у краіне больш саджанцаў на пустых тэрыторыях, а таксама замест высечаных дрэў. "Нам трэба не толькі аднаўляць лес, які мы высякаем і аддаем у абарот. Вы паглядзіце, колькі ў нас свабодных плошчаў, у гэтым годзе будзе вялікі попыт на гэтыя саджанцы", — адзначыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, ён сам мае намер заняцца пасадкай саджанцаў сёлета, плануе высадзіць маладыя дрэвы і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Для гэтага яна наведае сваю малую радзіму. Да гэтай працы, лічыць кіраўнік дзяржавы, неабходна падключыць шырокае кола людзей. "Прырода нас адарыла тым, што мы можам у лесе ўзяць тыя дрэвы, якія загінуць, не вырастуць, і перасадзіць іх на свабодныя месцы. Гэтым таксама прыйдзецца займацца", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што, хоць і не быў раней асабіста знаёмы з Віталём Дрожжам, але ведае аб яго дзейнасці на апошняй пасадзе ў якасці гендырэктара нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры". "Калі я прыязджаю на Браслаўскія азёры і там жыву, я заўсёды цікаўлюся, як функцыянуе гэты запаведнік, — растлумачыў Лукашэнка. — Калісьці, каб абараніць яго, мной было прынята жалезнае рашэнне, што гэта — беларускі здабытак, і мы там стварылі запаведнік, нацыянальны парк".

Як паведамлялася раней, Міхаіл Амельяновіч, які ўзначальваў Міністэрства лясной гаспадаркі з 12 сакавіка 2010 года, быў вызвалены ад займанай пасады 15 лютага "за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях". З той жа фармулёўкай быў звольнены міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко.

16 лютага, размаўляючы з работнікамі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, Лукашэнка расказаў, што ў лясной гаспадарцы была выяўленая карупцыйная схема: добрая драўніна дакументальна выдавалася за некандыцыю і незаконна ішла на экспарт. "Працавалі цэлы год па ўсёй краіне. Які гэта міністр? Што, я цярпець павінен такога міністра? На яго ўжо, шчыра кажучы, сорамна было з боку глядзець. Паўстае пытанне: ты працаваў ці там быў павязаны з імі", — сказаў Лукашэнка.

Падчас рабочай сустрэчы з віцэ-прэм`ерам Міхаілам Русым 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуў увагу на сітуацыю ў сферы лясной гаспадаркі. "Бардак поўны — хабарнік на хабарнікаў сядзіць. Табе таксама дадзім ацэнку. Віцэ-прэм`ер павінен быў там навесці парадак, каб мыш не прапаўзла", — папярэдзіў ён Русага.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239