Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/05/950712_12345/
Дата раздрукоўкі: 30.05.2020 01:17
05.04.2018 17:23 Грамадства, Эканоміка

Урад вызначыў парадак аплаты жыллёва-камунальных паслуг беспрацоўнымі працаздольнымі грамадзянамі

Мінск, 5 красавіка. Урад вызначыў парадак аплаты жыллёва-камунальных паслуг беспрацоўнымі працаздольнымі грамадзянамі. Пастановай № 240 ад 31 сакавіка зацверджана Прыкладнае палажэнне аб пастаянна дзейнай камісіі па каардынацыі работы па садзеянні занятасці насельніцтва, у якім утрымліваецца адпаведны алгарытм.

Згодна з дакументам для фармавання спісу працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы і аплачваюць паслугі з поўным пакрыццём выдаткаў, на чарговы квартал камісіяй выкарыстоўваецца база дадзеных. Пасля атрымання камісіяй доступу да базы дадзеных інфармацыя, якая змяшчаецца ў ёй, накіроўваецца на працягу двух працоўных дзён у арганізацыі ЖКГ. Звесткі аб асобах, якія цалкам аплачваюць паслугі, накіроўваюцца арганізацыямі ЖКГ у камісіі не пазней за 6-е чысло апошняга месяца кожнага квартала. Пасля атрымання звестак аб гэтых асобах камісіі арганізуюць з імі працу, у тым ліку разглядаюць іх заявы. Пасля гэтага фармуецца спіс працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы і цалкам аплачваюць паслугі ЖКГ.

Сфармаваны спіс працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы і цалкам аплачваюць паслугі ЖКГ, да 1-га чысла другога месяца кожнага квартала накіроўваецца для зацвярджэння ў раённы (гарадскі) выканаўчы камітэт (мясцовую адміністрацыю). Затым зацверджаны спіс не пазней за 8-е чысло другога месяца кожнага квартала накіроўваецца ў арганізацыі ЖКГ, якія ажыццяўляюць улік, разлік і налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем.

Камісіі не пазней за 10-е чысло другога месяца кожнага квартала інфармуюць грамадзян аб уключэнні іх у спіс. Па выніках працы камісія падае аператару базы дадзеных інфармацыю для яе карэкціроўкі.

Як патлумачылі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, спіс паслуг ЖКГ, якія працаздольныя беспрацоўныя грамадзяне абавязаныя аплачваць цалкам, гатовы і будзе апублікаваны ў найбліжэйшы час.

Дэкрэт № 1 "Аб садзеянні занятасці насельніцтва" Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 студзеня. Ён запрацуе ў поўным аб'ёме 1 студзеня 2019 года.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239