Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/07/950984_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.12.2018 14:21
07.04.2018 12:56 Грамадства, Палітыка

Кіраўнік МЗС: Стогадовая гадавіна абвяшчэння БНР — вельмі істотная дата

Мінск, 7 красавіка. Стогадовая гадавіна абвяшчэння БНР — вельмі істотная дата, неабходна сабраць больш інфармацыі пра гэты перыяд. Такое меркаванне міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей выказаў у інтэрв'ю тэлеканалу Euronews. Інтэрв'ю было дадзенае 24 сакавіка, напярэдадні 100-годдзя абвяшчэння БНР, а апублікавана 6 красавіка. Яго тэкст размешчаны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства.

"Мы жывем у вельмі цікавы перыяд часу. На мой погляд, стогадовая гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — вельмі важная дата. Некалькі дзён таму прэзідэнт зрабіў шэраг заяваў па гэтым пытанні, адзначыўшы, што абвяшчэнне БНР — гэта частка нашай гісторыі, і мы павінны прымаць гэта. Але мы не можам судзіць прадстаўнікоў таго перыяду, таму што не ведаем усіх абставінаў, у нас няма поўнай інфармацыі, што вельмі важна для аб'ектыўнага аналізу сітуацыі", — адзначыў Макей.
 
"Мы не можам заняць чыйсьці бок, выступіць у ролі пракурора або адваката. Неабходна сабраць больш інфармацыі пра тыя падзеі. Менавіта таму было арганізавана мноства тэматычных круглых сталоў, канферэнцый, іншых мерапрыемстваў, а таксама дыскусій у сродках масавай інфармацыі. І гэта сапраўды важна. Так, альтэрнатыўныя погляды, прадстаўленыя ў дыскусіях, пасля былі апублікаваныя. Нам неабходна сабраць больш інфармацыі пра гэты перыяд. Бо гэта частка нашай гісторыі", — сказаў кіраўнік МЗС.

Закранаючы аспекты ўцягнутасці дзяржавы ў гэтыя працэсы, Макей нагадаў, што ў Савецкім Саюзе гэты перыяд беларускай гісторыі ацэньваўся негатыўна: "Мяне, напрыклад, вучылі ў школе, што кіраўнікі БНР былі здраднікамі, якія спрабавалі ўсталяваць цеснае супрацоўніцтва з кайзерам. Але сёння дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанентам, тым, для каго гэтая дата важная. Улады санкцыянавалі мітынг і канцэрт у самым прэстыжным у Мінску месцы — паблізу тэатра оперы і балета. Хочаце выкарыстоўваць сімвалы БНР — калі ласка, ніякіх праблем. Дазволеныя любыя прамовы і заявы..."

"Гэта вельмі важна, бо гэта ўжо якасна новая сітуацыя. Дзяржава прадэманстравала гатоўнасць супрацоўнічаць са сваімі апанентамі, працягнула руку. І, на шчасце, большасць канструктыўных прадстаўнікоў беларускай апазіцыі прынялі гэтую прапанову. Але ёсць людзі, якія працягваюць захоўваць неканструктыўную пазіцыю ў адносінах да ўладаў..." — сказаў кіраўнік МЗС.

20 сакавіка сваё стаўленне да святкавання 100-годдзя БНР выказаў Аляксандр Лукашэнка. Гісторыю стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі знаць трэба, але ганарыцца тымі падзеямі не варта, заявіў ён на сустрэчы з творчай моладдзю ў Мінску. З аднаго боку, адзначыў Лукашэнка, стваральнікі БНР хацелі незалежнасці для краіны, з іншага — "былі гатовыя прасіць у гэтай справе дапамогі ў каго заўгодна, аднак потым зноў бы апынуліся пад ботам". "Гэта была сумная старонка, і ў гісторыі многіх народаў такіх сумных старонак была маса", — дадаў афіцыйны лідар. Лукашэнка даручыў кіраўнікам органаў улады не ўмешвацца ў абмеркаванне працэсу святкавання 100-годдзя БНР. "Няхай яны самі разбяруцца. Хочуць яны каля опернага тэатра — няхай збіраюцца", — заявіў ён.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН