Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/09/950909_540125/
Дата раздрукоўкі: 04.08.2021 21:23
09.04.2018 09:00 Грамадства, Эканоміка

Прычыны здарэння ў шахце "Беларуськалія", у выніку якога загінулі два чалавекі, пакуль не ўстаноўленыя

Мінск, 9 красавіка. Прычыны надзвычайнага здарэння ў шахце "Беларуськалія", у выніку якога загінулі два чалавекі, пакуль не ўстаноўленыя.

Трагедыя здарылася 9 сакавіка на падземным горным участку рудніка 3-га рудаўпраўлення, дзе абвалілася парода. Пад завал трапілі машыніст горных выемачных машын Максім Іваноў 1973 года нараджэння і горнарабочы ачышчальнага забою Дзмітрый Валько 1985 года нараджэння. Абодва загінулі.

Расследаваннем прычын НЗ займаецца спецыяльна створаная камісія. Распачатая крымінальная справа аб парушэнні правілаў бяспекі горных работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек (ч. 2 арт. 303 КК).

13 сакавіка пракурор Мінскай вобласці Алег Лаўрухін паведаміў журналістам, што аварыя здарылася пры спробе падняць эксперыментальным шляхам на паверхню руду, якая знаходзілася ў забоі яшчэ з 1980-х гадоў. Адзін з загінулых павінен быў кантраляваць утрыманне солі і газу ў паветры, але ці рабілася гэта, невядома. "Вядома толькі адно — перавышэнне замест аднаго было шэсць-сем працэнтаў", — сказаў пракурор.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці, "комплекс следчых дзеянняў працягваецца".

У сваю чаргу старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў Сяргей Чаркасаў, які ўваходзіць у камісію па расследаванні прычын аварыі, сказаў БелаПАН, што прэтэнзій да працы камісіі не мае.

Чаркасаў наведаў месца аварыі і ўдзельнічаў у апытанні сведак. Зараз, паводле яго слоў, у шахце працягваецца разбор завалаў — неабходна вызваліць праходчы камбайн і правесці дадатковае расследаванне.

"Пакуль адназначна можна сказаць, што гэта была газадынамічная з'ява. Спрацавала мульда, здарыўся выкід газу і солі ў велізарных аб'ёмах. Гэта тая версія, якая ёсць", — паведаміў Чаркасаў. Ён таксама адзначыў, што на месцы аварыі не было прыкмет і прадвеснікаў раптоўнага выкіду, таму нельга сказаць, што сітуацыю можна было прадугледзець. "Але знайсці вінаватага ў гэтай сітуацыі не выйсце, таму што ў шахце, на жаль, бываюць абсалютна непрадбачаныя сітуацыі, якія часам немагчыма нават прадугледзець", — падкрэсліў Чаркасаў.

Сваякам загінулых аказаная дапамога ў арганізацыі пахавання, пасля завяршэння расследавання ім выплацяць матэрыяльную дапамогу больш як 120 тысяч рублёў кожнай сям'і, дадаў старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239