Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/09/951102_587964/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 06:42
09.04.2018 11:56 Эканоміка

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Еўдачэнка: Доля экспарту ў Расійскую Федэрацыю ўжо зніжаецца

Мінск, 9 красавіка. Доля беларускага экспарту ў Расійскую Федэрацыю ўжо зніжаецца, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка ў інтэрв'ю часопісу "Директор".

На пытанне, чаму, нягледзячы на ўсе намаганні, беларускім прадпрыемствам не ўдаецца пазбавіцца залежнасці ад аднаго (расійскага) рынку, Еўдачэнка адказаў, што дзякуючы прынятым мерам па дыверсіфікацыі доля экспарту ў Расію ўсё-такі зніжаецца: у 2017 годзе яна склала 43,9% замест 46,6% у 2016 годзе.

"Разам з тым, — дадаў ён, — у нас у прынцыпе няма мэты пайсці з расійскага рынку, нарасціць пастаўкі ў які-небудзь аддалены рэгіён планеты за кошт скарачэння экспарту ў Расію. Такая задача наогул не стаіць. Расійскі рынак — гэта вельмі ёмісты, зразумелы для нашых экспарцёраў і, па вялікім рахунку, прадказальны рынак. Па шырокім коле тавараў гэты рынак, асабліва Масква, Санкт-Пецярбург і іншыя буйныя расійскія гарады, з'яўляецца яшчэ і самым прэміяльным з улікам ўзроўню дзейных там цэн".

Еўдачэнка адзначыў, што Беларусь цесна ўзаемадзейнічае з расійскімі партнёрамі ў межах СНД, Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і Саюзнай дзяржавы. "Мы сфармавалі самую шырокую тавараправодную сетку на ўсходнім кірунку, каб нарасціць наш экспарт тавараў і паслуг у Расійскую Федэрацыю. І калі пастаўшчыкі ўсіх краін свету канкуруюць за гэты рынак, то навошта беларусам адтуль сыходзіць?" — сказаў ён.

"Разам з тым мы разумеем, што моназалежнасць ад аднаго рынку збыту не адпавядае патрабаванням сучаснай эканамічнай бяспекі краіны, — заявіў намеснік міністра. — У гэтай сувязі праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года прадугледжана забяспечыць планамерную дыверсіфікацыю знешняга гандлю з роўным (трэць-трэць-трэць) размеркаваннем экспарту на рынках ЕАЭС — ЕС — астатнія краіны. "Але толькі не за кошт таго, каб "адшчыкнуць" ад Расіі, а за кошт больш хуткіх тэмпаў нарошчвання экспарту ў ЕС і астатнія краіны. Магчымасці для гэтага ёсць", — падкрэсліў Еўдачэнка.

Ён адзначыў, што летась доля ЕАЭС ў геаграфіі беларускага экспарту скарацілася з 48,4 да 46,5%, краін ЕС — павялічылася з 24 да 26,9%. Доля астатніх краін скарацілася на 1 працэнтны пункт, з 27,6 да 26,6%. Рост экспарту забяспечаны адначасова па ўсіх трох напрамках: у ЕАЭС — на 2,2 млрд долараў (+19,3%), ЕС — на 2,21 млрд (+39,2%), астатнія краіны — на 532 млн (+17,3%).

"Пры гэтым нават унутры ЕАЭС тэмпы прыросту беларускага экспарту ў іншыя краіны — члены саюза значна вышэйшыя, чым у Расію. Калі экспарт у Расію вырас на 17,2%, то ў Кыргызстан — у 2,5 разу, у Казахстан — на 63,3%, у Арменію — на 56,8%", — паведаміў прадстаўнік МЗС.

Ён таксама адзначыў поспехі Беларусі на рынках краін "далёкай дугі" (Азія, Афрыка, Амерыка і Акіянія). У 2017 годзе экспарт беларускіх тавараў у гэтыя краіны склаў 3,19 млрд долараў і вырас на 306,5 млн (+10,6%).

Летась Беларусь стала экспартаваць тавары ў 18 новых краін, паведаміў Еўдачэнка. У іх ліку ён назваў Бруней-Дарусалам, Непал, Мадагаскар, Гвінею-Бісау, Свазіленд і іншыя. Сумарны аб'ём экспарту ў гэтыя краіны склаў 3,1 млн долараў (у асноўным за кошт калійных угнаенняў, згушчанага малака, папяровай прадукцыі).

"Не сакрэт, што многія краіны свету, якія з'яўляюцца для Рэспублікі Беларусь далёкімі, але цікавымі з эканамічнага пункта гледжання рынкамі, прымяняюць высокую тарыфную ахову, шырока выкарыстоўваюць нетарыфныя і адміністрацыйныя меры аховы. Для раскрыцця такіх рынкаў і прасоўвання на іх беларускіх тавараў і паслуг важнае значэнне мае праца, якая праводзіцца ў цяперашні час намі сумесна з партнёрамі па ЕАЭС, па заключэнні прэферэнцыйных гандлёвых пагадненняў з трэцімі краінамі", — адзначыў Еўдачэнка.

30 сакавіка падчас рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён (Мінская вобласць) Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць новыя рынкі збыту. "Калі Расія нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж, <...> трэба вызначацца. Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы, таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець", — заявіў ён.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239