Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/09/951103_215804/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 08:45
09.04.2018 11:18 Эканоміка, Фінансы

Намеснік кіраўніка МЗС: Адмоўнае сальда ў гандлі таварамі застаецца сістэмнай праблемай

Мінск, 9 красавіка. Адмоўнае сальда ў гандлі таварамі застаецца сістэмнай праблемай, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка ў інтэрв'ю, апублікаваным у сакавіцкім нумары часопіса "Директор".

Паводле слоў Еўдачэнкі, у 2017 годзе адмоўнае сальда склала 5 млрд долараў і вырасла на 950 млн у параўнанні з 2016-м. "І гэта нават ва ўмовах, калі ўпершыню за апошнія гады тэмп росту экспарту тавараў (+24,1%) перавысіў тэмп росту імпарту на 0,1 працэнтнага пункта", — заўважыў чыноўнік.

Асноўны ўнёсак (амаль 90%) у фармаванне адмоўнага сальда зрабіў імпарт прамежкавых тавараў, перш за ўсё энергетычных (нафта, газ). "І для такой энергазалежнай краіны, як Беларусь, наўрад ці магчыма ў найбліжэйшай перспектыве выйсці на станоўчае сальда гандлю таварамі", — лічыць намеснік міністра.

"Таму ўрадам пастаўленая задача па апераджальным нарошчванні экспарту паслуг, доля якіх аб'ектыўна яшчэ не выйшла на аптымальны, адпаведны найлепшым сусветным стандартам узровень", — сказаў намеснік кіраўніка ведамства. Экспарт паслуг у 7,8 млрд у 2017 годзе — гэта толькі 21,4% у агульным аб'ёме экспарту тавараў і паслуг Беларусі. "Яшчэ больш трывожна, што летась прырост экспарту паслуг склаў 13,9%, што амаль у два разы ніжэй за тэмпы росту экспарту тавараў (24,1%). А згодна з планамі павінна быць наадварот", — дадаў Еўдачэнка.

Ён таксама адзначыў "слабую дыверсіфікацыю экспарту паслуг па іх відах". У структуры экспарту найбольшую ўдзельную вагу займаюць транспартныя (45%), камп'ютарныя (14,7%) і будаўнічыя (11,7%) паслугі. Доля транспартных паслуг у агульным аб'ёме, паводле слоў чыноўніка, высокая. "Але такая карціна складаецца не столькі ў сувязі з нашымі дасягненнямі ў транспарце і лагістыцы, колькі з-за неразвітасці іншых відаў паслуг. Па аб'ёме экспарту транспартных паслуг мы ўжо адстаем нават ад Літвы, а Венгрыі і Чэхіі, якія не маюць, як і Беларусь, выхаду да мора, саступаем адпаведна ў два і шэсць разоў. Цалкам відавочна, што сёння Беларусь не мае тых дывідэндаў, якія павінна прыносіць транспартна-лагістычная сістэма краіны, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы", — заўважыў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства.

Экспарт турыстычных, медыцынскіх, адукацыйных і іншых паслуг зусім нязначны, сказаў ён.

Экспарт паслуг "перш за ўсё залежыць ад стану нацыянальнай інфраструктуры". Яна ўключае ў сябе транспартныя і камунікацыйныя сеткі, лагістычныя цэнтры, турыстычныя аб'екты, гасцініцы, рэстараны, установы аховы здароўя і адукацыі, банкаўскія, страхавыя, кансалтынгавыя і іншыя арганізацыі. "Менавіта ад развіцця гэтай інфраструктуры ў нашай краіне, узроўню і якасці паслуг залежаць вынікі па экспарце паслуг", — лічыць Еўдачэнка.

Вяртаючыся да тэмы сальда ў гандлі таварамі, ён адзначыў, што і па іншых буйных таварных пазіцыях прамежкавай групы (прадукцыя хімічнай прамысловасці, папера і кардон, скура, тканіны, пракат чорных металаў) сумарная адмоўнае сальда склала прыблізна 700 млн долараў. "Такім чынам, усе нашы намаганні па нарошчванні экспарту, па зараблянні валютных сродкаў фактычна з'ядаюцца такімі ж актыўнымі выдаткамі на імпарт", — падкрэсліў намеснік міністра.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239