Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/09/951108_412058/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 07:08
09.04.2018 12:11 Эканоміка

Намеснік старшыні "Белнафтахіма": Умовы працы для нафтаперапрацоўкі становяцца больш жорсткімі

Мінск, 9 красавіка. У сувязі з рэалізацыяй Расіяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне ўмовы працы для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў будуць больш жорсткімі, заявіў намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Сізоў, выступаючы 9 красавіка на канферэнцыі "Нафтагазавыя рынкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы" у Мінску.
Канферэнцыя арганізавана кампаніяй Confidence capital.

"Падзеі, якія ў найбольшай ступені ўплываюць на беларускую нафтаперапрацоўку сёння, звязаныя з умовамі паставак нафты ў краіну", — адзначыў Сізоў.

Ён паведаміў, што калі ў пачатку 2000-х гадоў беларуская нафтаперапрацоўка атрымлівала асноўны даход на розніцы кошту атрыманай нафты і нафтапрадуктаў на экспарт, то "на сённяшнім этапе паступова адбываецца змяншэнне гэтай розніцы, таму беларуская нафтаперапрацоўка ідзе на мадэрнізацыю".

"Гэты працэс ішоў бы і сам па сабе, але цяпер мы імкнемся яго паскорыць і разумеем, што ў сувязі з магчымым завяршэннем падатковага манеўру і пераходам на сусветныя цэны для нас стануць вельмі жорсткімі ўмовы працы на рынках нафтапрадуктаў", — сказаў Сізоў.

Ён нагадаў, што летась адбылася нарада пад кіраўніцтвам прэзідэнта, паводле вынікаў якой былі пастаўленыя задачы павялічыць даходнасць ад экспарту нафтаперапрацоўкі і паскорыць завяршэнне мадэрнізацыі.

"Праекты па мадэрнізацыі заводаў дазволяць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%, і ўвесь аб`ём вырабленых нафтапрадуктаў будзе адпавядаць самым сучасным стандартам", — удакладніў Сізоў.

Як паведамлялася, падатковы манеўр, што прадугледжвае павелічэнне падатку на здабычу карысных выкапняў і змяншэнне нафтавых экспартных пошлін, Расія запусціла ў 2015 годзе. Рэалізацыя падатковага манеўру вядзе да павелічэння ўваходнага кошту расійскай нафты для Беларусі, якая атрымлівае нафту без выплаты пошлін у расійскі бюджэт.

На калегіі Мінфіна Беларусі ў лютым было адзначана, што рост уваходнай цаны нафты запатрабуе прыняцця кампенсацыйных мер па забеспячэнні эфектыўнасці нафтаперапрацоўкі.

У прыватнасці Мінфін асцерагаецца, што ў выпадку рэалізацыі Расіяй падатковага манеўру спатрэбіцца змяншаць ці нават абнулять стаўку акцызаў на аўтамабільнае паліва, якія прыносяць сёння беларускаму бюджэту даходы, эквівалентныя 0,7% ВУП.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239