Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/10/951334_880014/
Дата раздрукоўкі: 19.12.2018 15:26
10.04.2018 14:10 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Пакуль я прэзідэнт, 25 сакавіка не будзе абвешчанае дзяржаўным святам

Мінск, 10 красавіка. Беларусам яшчэ трэба будзе зразумець ролю Беларускай Народнай Рэспублікі, заявіў 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі дзяржаўных СМІ.

Кіраўнік краіны зазначыў, што як гісторык па адукацыі звяртаўся да гэтай тэмы, вывучаў існыя меркавання. І прыйшоў да высновы, што ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла, паведамляе інфармагенцтва БелТА.

На думку афіцыйнага лідара, "у гэтай частцы беларускай гісторыі не ўсё відавочна". З аднаго боку, стваральнікі БНР хацелі адзінства для краіны, з іншага — звярталіся па дапамогу да нямецкага кайзера, адзначыў ён. Адказваючы на пытанне, якое паступіла ад інтэрнэт-карыстальнікаў, кіраўнік дзяржавы сказаў, што "заўчасныя размовы пра тое, каб зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам". Лукашэнка падкрэсліў, што пакуль ён знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта, гэтага не будзе. Афіцыйны лідар нагадаў: "У нас ёсць Дзень Незалежнасці, і калі б мы тады не перамаглі, то сапраўды ніякай незалежнасці не было б" (адзначаецца 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецкіх захопнікаў. — БелаПАН.).

Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Традыцыйна дэмакратычная грамадскасць Беларусі 25 сакавіка адзначае неафіцыйны Дзень Волі. Сёлета стагоддзе падзеі — апазіцыйныя і грамадскія актывісты арганізавалі маштабнае святкаванне даты ў сталіцы і рэгіёнах.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН