Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/14/952147_952148/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2018 08:07
14.04.2018 20:33 Грамадства, Эканоміка

Дэпутат Петрашова звярнула ўвагу на праблемы жыхароў магілёўскага мікрараёна Цярохіна

Магілёў, 14 красавіка. У Магілёве дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова выступіла з ініцыятывай арганізацыі суботнікаў па азеляненні і добраўпарадкаванні мікрараёна Цярохіна.

Нагадаем, у сакавіку больш за 280 жыхароў Магілёва падпісаліся пад патрабаваннем да гарадскіх уладаў прыняць комплексны план па азеляненні вуліц Цярохіна і Златавустаўскага. Ініцыятарам калектыўнага ліста да ўладаў стаў жыхар мікрараёна, тагачасны першы намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, які цяпер узначальвае партыю.

Як заявілі памочнікі дэпутата на сустрэчы пад адкрытым небам з жыхарамі мікрараёна, якая прайшла сёння, не калектыўны зварот у гарадскія структуры ўлады стаў прычынай увагі дэпутата да праблемы недастатковага азелянення, а пытанні, пастаўленыя жыхарамі на асабістым прыёме ў Вольгі Петрашовай.

Паводле слоў члена Палаты прадстаўнікоў, гэта яна і яе памочнікі выступілі з ініцыятывай арганізацыі суботнікаў 21 і 28 красавіка, а гарадскія і абласныя дэпутаты гэтую ініцыятыву падтрымалі. У прыватнасці, падтрымаў дэпутат Магілёўскага гарсавета Пётр Аляксейчык, які з'яўляецца дырэктарам КВУП "Магілёўзелянгас". Прадпрыемства выдзеліць саджанцы дрэў, якія высадзяць грамадзяне на суботніках, а яго работнікі азеляняць тэрыторыю кустоўем у рабочым парадку. "Гэта 28-е скліканне вельмі актыўнае. Яны падключыліся да нашых ініцыятыў, а таксама робяць усё, што ад іх залежыць, каб пачуць праблемы грамадзян. Таму мы сёння ўсе тут. Мы выйдзем на суботнік 21 красавіка і не толькі", — заявіла БелаПАН Вольга Петрашова.

У сваю чаргу Ігар Барысаў, які прысутнічаў на сустрэчы, і іншыя грамадзяне расказалі дэпутату пра шэраг іншых праблем мікрараёна, на якія ў сваіх калектыўных зваротах указвалі мясцовыя жыхары. Яны тычацца адсутнасці добраўпарадкаванай спартыўнай пляцоўкі, патрэбных пешаходных дарожак, безбар'ернага асяроддзя, абяцаных пры пачатку забудовы мікрараёна дзіцячых садоў і школы.

Як заявіў БелаПАН Ігар Барысаў, сёння раніцай яму патэлефанавала памочніца Петрашовай і запрасіла на сустрэчу. "Я разумею, што мяне б не запрасілі, калі б памочніца не была ў групе нашых грамадзян у сацсетцы, не ведала б пра праблемы мікрараёна Цярохіна і не ведала б, якую ролю іграю я ў актуалізацыі гэтых праблем", — упэўнены Барысаў.

Паводле яго слоў, у апошні час пачасціліся сустрэчы дэпутатаў з грамадзянамі, хоць раней у саветах не лічылі такія мерапрыемствы патрэбнымі. "Гэта новы трэнд, і ён паказвае, што сёння не ўсё ва ўладзе добра. Цяпер на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі яны спрабуюць не дапусціць нейкай крытычнай масы, якая пачала б дзейнічаць супраць гэтай улады. Ім прасцей прыйсці на сустрэчу, вобразна кажучы, атрымаць вядро памыяў, але паказаць, што слухаюць людзей", — лічыць апазіцыйны палітык.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН