Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/15/952153_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2018 07:04
15.04.2018 11:09 Грамадства

У ААН зарэгістраваная скарга праваабаронцаў на забарону райвыканкамаў Гомельскай вобласці праводзіць пікеты ў падтрымку незалежнасці Беларусі

Мінск, 15 красавіка. Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў сумесную скаргу валанцёраў гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы Алы Раманчык і Наталлі Шчукінай з нагоды забароны ўладаў на правядзенне ў Гомельскай вобласці серыі пікетаў у падтрымку цэласнасці і незалежнасці Беларусі. Як вынікае з паведамлення, якое атрымалі праваабаронцы, іх скарга зарэгістраваная 3 красавіка, паведамляе праваабарончы сайт gomelspring.org.

Гаворка ідзе пра серыю пікетаў у падтрымку незалежнасці Беларусі, якія планавалася правесці ў 2017 годзе ў Брагіне, Лоеве, Жлобіне і Мазыры. Мясцовыя ўлады забаранілі ўсе заяўленыя акцыі. Праваабаронцы спрабавалі абскардзіць забарону, але ні раённыя суды, ні Гомельскі абласны суд іх скаргі не задаволілі.

Аўтары скаргі ў ААН таксама адзначаюць, што рашэнні Брагінскага, Лоеўскага, Жлобінскага і Мазырскага райвыканкамаў, якія рэгулююць парадкі правядзення масавых мерапрыемстваў у названых райцэнтрах, парушаюць фундаментальныя правы грамадзян на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў, што прадугледжана артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"Беларусь не выконвае міжнародныя абавязацельствы, бо нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах змяшчае двухсэнсоўныя і расплывістыя нормы, якія могуць трактавацца і тлумачацца па-рознаму, — пракаментаваў сітуацыю кіраўнік гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка. — Таму ў скарзе ў Камітэт па правах чалавека ААН мы просім усталяваць не толькі факт парушэння правоў грамадзян з боку дзяржавы, але і рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці нацыянальнае заканадаўства аб мірных сходах у адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі".

Гэта ўжо 268-я скарга, зарэгістраваная ў Камітэце па правах чалавека ААН, супраць беларускага ўраду. 80 з іх былі падрыхтаваныя і зарэгістраваныя гомельскім Цэнтрам стратэгічнай цяжбы — арганізацыяй, якая займаецца абаронай правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН