Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/15/952159_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.07.2018 06:23
15.04.2018 12:18 Грамадства

Паводле даных статыстыкі, выдаткі прадпрыемстваў Мінска на ахову навакольнага асяроддзя растуць

Мінск, 15 красавіка. Выдаткі сталічных прадпрыемстваў і арганізацый на ахову навакольнага асяроддзя растуць — пра гэта сведчаць даныя статыстыкі.

Так, паводле інфармацыі галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінска, у 2017 годзе бягучыя выдаткі на гэтыя мэты склалі 145,9 млн рублёў. У параўнанні з папярэднім годам яны павялічыліся на 22%.

У структуры бягучых выдаткаў на ахову навакольнага асяроддзя найбольшая ўдзельная вага прыпадала на ахову і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў — 75,6%, або 110,3 млн рублёў. На ахову атмасфернага паветра, захаванне азонавага слою і клімату — 10,3% (15,1 мільёна долараў), ахову навакольнага асяроддзя ад забруджвання адходамі вытворчасці — 7,3% (10,6 млн).

Найбольшая ўдзельная вага ўсіх бягучых выдаткаў на ахову навакольнага асяроддзя (39,1%) прыпадала на сталічныя арганізацыі, занятыя водазабеспячэннем, зборам, апрацоўкай і выдаленнем адходаў, дзейнасцю па ліквідацыі забруджванняў; каля траціны (30,9%) — на прадпрыемствы апрацоўчай прамысловасці.

Найбольшыя сумы грашовых сродкаў на прыродаахоўныя мерапрыемствы ў мінулым годзе былі затрачаныя арганізацыямі Партызанскага раёна (70,1 млн рублёў, або 48,1% ад агульнага аб'ёму бягучых выдаткаў на ахову навакольнага асяроддзя па горадзе Мінску), Ленінскага (21,9 млн, або 15%) і Кастрычніцкага раёна (19,3 млн, ці 13,2%).

Як раней адзначаў начальнік аддзела рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і азонавы слой Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, нацыянальны каардынатар еўрапейскай ініцыятывы "Пагадненне мэраў — Усход: сумесныя дзеянні ў галіне клімату і энергіі" Андрэй Піліпчук, генплан Мінска прадугледжвае вынас асабліва небяспечных і шкодных вытворчасцяў за межы горада. Гэта ў першую чаргу тычыцца металургічных вытворчасцяў Мінскага трактарнага завода (МТЗ), завода ацяпляльнага абсталявання і шэрагу прадпрыемстваў у мікрараёне Шабаны.

"Якасць жыцця і камфорту прадугледжвае вялікую колькасць паркаў і сквераў, ахоўных зон. І чым большы горад, тым больш складана гэтай мэты дамагчыся. Неабходны больш комплексны і стратэгічны падыход", — падкрэсліваў Піліпчук.

У Мінпрыроды сцвярджаюць, што якасць паветра ў Мінску істотна палепшылася: калі пяць гадоў таму ў горадзе было 14 праблемных зон з перавышэннем дапушчальных нормаў выкідаў, то сёння засталіся дзве.

Доўгатэрміновы план па зніжэнні ўзроўню небяспекі па выкідах у цяперашні час рэалізуе МТЗ. Завод ацяпляльнага абсталявання усталяваў вагранкі закрытага тыпу, і зараз там не назіраецца перавышэння нормаў шкодных выкідаў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН