Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/24/953093_953094/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 02:31
24.04.2018 07:07 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Сёння Лукашэнка звернецца з пасланнем да народа і парламента

Мінск, 24 красавіка. Штогадовае пасланне пачнецца ў 10.30, прамую трансляцыю будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1", "Беларусь 24" і Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, паведаміла напярэдадні прэс-служба прэзідэнта.
Тэлеверсія паслання будзе паказана ў вячэрнім эфіры беларускіх тэлеканалаў.

На мерапрыемства, якое традыцыйна пройдзе ў Авальнай зале Дома ўрада, запрошаны вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, найбуйнейшых прадпрыемстваў, вядучых ВНУ, банкаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі, паведамляе прэс-служба.

Пасланне будзе ўключаць "усе актуальныя пытанні, якія тычацца жыцця беларускага грамадства ў цэлым і кожнага грамадзяніна паасобку", яно стане "свайго роду квінтэсэнцыяй і актуалізацыяй задач і тэм, якія на працягу мінулага года абмяркоўваліся падчас маштабных і знакавых мерапрыемстваў з удзелам прэзідэнта", паведаміла БелТА прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант. "Шмат што ўжо ажыццяўляецца, ідзе практычная рэалізацыя. Цяпер галоўнае — акрэсліць кола глабальных задач на перспектыву з улікам ужо прынятых рашэнняў і канкрэтных даручэнняў", — дадала яна.

Паводле інфармацыі апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, падчас паслання Лукашэнка закране тэму рэферэндуму, які мае адбыцца. "Як вядома з розных крыніц, у тым ліку з крыніцы ўнутры ўлады, ён мае намер агучыць пытанні на ўжо анансаваны ім рэферэндум" па змене Канстытуцыі. Асноўнае пытанне — змена артыкула 81 Канстытуцыі РБ, у якім запісана: "Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь", — напісаў Статкевіч на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

Паводле яго інфармацыі, Лукашэнка прапануе павялічыць прэзідэнцкі тэрмін да сямі гадоў, пачаўшы яго адлік з дня правядзення рэферэндуму. "Каб адцягнуць увагу грамадства ад спробы забяспечыць сабе яшчэ 10 гадоў бескантрольнай ўлады нават без звычайнага "выбарчага" спектакля, Лукашэнка збіраецца вынесці на "рэферэндум" іншыя пытанні — у тым ліку пытанне адмены смяротнага пакарання. Але гэта ўсяго толькі дымавая заслона над пытаннем пра ўладу, якую Лукашэнка незаконна ўтрымлівае з 1999 года", — напісаў Статкевіч.

У мінулым годзе Лукашэнка выступаў з пасланнем народу і парламенту 21 красавіка, выступленне доўжылася дзве з паловай гадзіны. Каля дзвюх гадзін доўжыліся пасланні ў 2012 і 2015 гадах, а ў 2013 і 2014 гадах — прыкладна 2 гадзіны 40 хвілін. Рэкордна кароткім стала пасланне ў красавіку 2016 года — паўтары гадзіны.

Пасля паслання Лукашэнка звычайна адказвае на пытанні парламентарыяў. Апошнія два гады прамая трансляцыя заканчвалася адразу пасля выступлення кіраўніка дзяржавы, хоць да гэтага некалькі гадоў адказы на пытанні таксама трансляваліся ў прамым эфіры. Паводле наяўнай інфармацыі, адказы на пытанні не будуць транслявацца і ў гэты раз.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239