Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/24/953190_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 02:27
24.04.2018 11:24 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка: Наш найбліжэйшы партнёр учыняе малочныя, мясныя, цукровыя баталіі

Мінск, 24 красавіка. "Планету захліснулі гандлёвыя войны", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 24 красавіка са штогадовым пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

"Злучаныя Штаты, кіруючыся жорсткім пратэкцыянізмам, змагаюцца з Кітаем. Адначасова разгарнулася маштабная санкцыйная вайна супраць Расіі. Дайшлі да таго, што па парадзе з-за акіяна Еўрасаюз абмяжоўвае ўласныя кампаніі, якія працуюць на нафтавым рынку з нашай усходняй суседкай", — адзначыў афіцыйны лідар.

"Ды і ў нас далёка за прыкладамі хадзіць не трэба, — працягнуў ён. — Вазьміце хоць бы малочныя, мясныя баталіі, цукровыя, які чыніць наш найбліжэйшы партнёр, блакуючы доступ натуральным беларускім прадуктам на свой рынак".

На думку Лукашэнкі, фактычна ламаецца сусветная сістэма гандлю. "У гэтых абставінах асабліва актуальная міралюбная, збалансаваная знешняя палітыка ўсіх дзяржаў. Тая палітыка, якой і мы прытрымліваемся. А таксама вельмі важныя нашы ініцыятывы, прасоўванне ідэй сумяшчальнасці ў вялікай Еўропе, партнёрства розных інтэграцыйных аб'яднанняў, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі, супрацоўніцтва", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Для нашых саюзнікаў Беларусь з яе грамадска-палітычнай згодай, міжканфесійным мірам і беспраблемнай для суседзяў і іншых дзяржаў палітыкай уяўляе сабой асаблівую каштоўнасць", — лічыць афіцыйны лідар.

"Утрымліваць раўнавагу ўнутры краіны, калі ў многіх рэгіёнах свету неспакойна, цяпер асабліва важна, — падкрэсліў ён. — Мы бачым, як лёгка нагнятаюць паніку і істэрыю растыражаваныя ў сетках і на інфармацыйных парталах паведамленні правакацыйнага характару. Менавіта так у XXI стагоддзі пачынаюцца рэвалюцыі ў іх каляровай версіі. Якія сумна заканчваюцца для саміх жа ўдзельнікаў. Тым, хто разважае сёння над тым, ці патрэбная нам армія, ці неабходная міліцыя, раю з'ездзіць у краіны, якія перахварэлі на "арабскую вясну", ці нават у сэрца Еўропы, накрытае міграцыйнай хваляй. Пагутарыць там са звычайнымі людзьмі, ці адчуваюць яны сябе дома абароненымі".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239