Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/24/953305_112233/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:33
24.04.2018 14:48 Грамадства, Палітыка

Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала кожнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў заўвагі і прапановы да паправак у закон аб СМІ

Мінск, 24 красавіка. Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала кожнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі свае заўвагі і прапановы адносна паправак у закон аб СМІ, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Кожнаму дэпутату таксама накіраваная заява з'езда БАЖ, у якім адзначаецца, што новыя папраўкі прадугледжваюць унясенне сур'ёзных змен у заканадаўства і нясуць пагрозу медыясектару і грамадству. Заўвагі і прапановы БАЖ не былі ўлічаныя пры разглядзе Палатай прадстаўнікоў гэтага законапраекта ў першым чытанні, як не былі пачутыя і прапановы іншых прадстаўнікоў медыясектара, не праведзеная міжнародная экспертыза законапраекта.

Асацыяцыя журналістаў заклікае ўлады правесці абмеркаванне прапанаваных змен у закон аб СМІ з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў медыя, бізнесу і грамадства, пасля чаго дапрацаваць законапраект пры разглядзе ў другім чытанні з улікам усіх меркаванняў, а таксама заўваг і прапаноў БАЖ, якія перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў.

Таксама БАЖ заклікае прызнаць права журналістаў-фрылансараў збіраць інфармацыю і распаўсюджваць яе ў айчынных і замежных масмедыя.

Палата прадстаўнікоў 19 красавіка прыняла ў першым чытанні папраўкі ў закон "Аб сродках масавай інфармацыі", што прадугледжваюць яго прымяненне ў дачыненні да інтэрнэт-рэсурсаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца распаўсюджванне масавай інфармацыі. За прыняцце дакумента прагаласавалі 98 дэпутатаў, супраць — два. Яшчэ два дэпутаты не галасавалі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН