Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/25/953408_12345/
Дата раздрукоўкі: 04.08.2021 21:34
25.04.2018 10:31 Эканоміка, Грамадства

КДБ расказаў падрабязнасці карупцыйнай схемы пры закупках спецвопраткі, пра якую паведаміў Лукашэнка

Мінск, 25 сакавіка. КДБ распачаў 22 крымінальныя справы ў дачыненні да 19 службовых асобаў розных дзяржпрадпрыемстваў з-за карупцыйнай схемы пры закупках спецвопраткі, піша газета "Советская Белоруссия".

Як паведамляе ведамства, на пачатку красавіка ў гродзенскай гасцініцы "Нёман" быў затрыманы з доказамі злачынства начальнік аддзела аховы працы "Белэнерга", які спрабаваў выцягнуць 12 тысяч долараў у дырэктара адной з камерцыйных структур. Як высветлілася, гэта быў хабар за стварэнне для фірмы ўмоў, якія гарантуюць яе перамогу ў конкурсах на закупку сродкаў абароны па замове дзяржпрадпрыемства. Правёўшы шэраг актыўных мерапрыемстваў, супрацоўнікі КДБ высветлілі, што гэта быў не адзіны выпадак.

"Ускрытая добра адпрацаваная схема перадачы хабараў ад камерсантаў службовым асобам буйных дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, — паведамляе газета са спасылкай на КДБ. — Кіраўнікі рознага ўзроўню за грошы спрыялі закупцы прадпрыемствамі буйных партый айчыннай і замежнай спецвопраткі, а таксама сродкаў індывідуальнай абароны. Расплачваліся за гэтую прадукцыю бюджэт і самі прадпрыемствы, якія абвясцілі конкурс на пастаўку спяцовак, касак і рэспіратараў. Пераможцам у іх нязменна аказваліся адны і тыя ж камерцыйныя структуры. Не таму, што іх вырабы былі на парадак больш якасныя ці танныя, чым у канкурэнтаў. Проста ўмовы конкурсаў наўмысна падганяліся пад пэўную прадукцыю такім чынам, што у канкурэнтаў проста не заставалася шанцаў на перамогу. Пасля пераможцы радасна адгружалі ў адрас заводаў і камбінатаў свой тавар, а службовыя асобы, якія наўмысна падтасавалі ўмовы конкурсаў, не менш радасна клалі ў кішэню розныя сумы — ад 50 да 15 тысяч долараў".

У артыкуле адзначаецца, што ў большасці выпадкаў ініцыятарамі "конкурснай змовы" выступалі самі начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў, эканамісты і бухгалтары, іншыя службовыя асобы дзяржаўных прадпрыемстваў. Менавіта яны прапаноўвалі прадстаўнікам камерцыйнай структуры забяспечыць безумоўныя перамогі ў конкурсах на пастаўку спецвопраткі і сродкаў абароны. "Фактычна вымагалі хабар за свае непрыстойныя паслугі. У адваротным выпадку абяцалі стварыць бізнесменам непераадольныя штучныя перашкоды", — піша выданне.

Сярод прадпрыемстваў, якія закуплялі спецвопратку па конкурсе, у артыкуле згадваюцца Мазырскі НПЗ, "Гродна Азот", "СветлагорскХімвалакно", "Краснасельскбудматэрыялы", "Мінскводаканал", філіялы "Беларуснафты" і Беларускай чыгункі. Хабары іх прадстаўнікам перадаваліся як мінімум з 2013 года. Усяго, як устаноўлена на гэты момант КДБ, з 2013 года на хабары кіраўніцтвам фірмы было выдзелена больш за 1,5 млн долараў.

Мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да кіраўнікоў камерцыйнай структуры не ўжывалася. Як паведамілі ў КДБ, гэта рашэнне прынятае па дзвюх прычынах. Па-першае, яны цалкам раскаяліся і актыўна супрацоўнічаюць са следствам. Па-другое, гэта зроблена для таго, каб не парушалася кіравальнасць узначаленых імі прадпрыемстваў. Па той жа прычыне, для забеспячэння бесперабойнай работы працоўных калектываў, не арыштоўваліся рахункі камерцыйных прадпрыемстваў. Наадварот, на маёмасць і іншыя актывы затрыманых службовых асоб накладзены арышт.

Пра тое, што КДБ выявіў маштабную карупцыйную сетку ў сферы паставак спецвопраткі для дзяржпрадпрыемстваў, паведаміў 24 красавіка Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем беларускаму народу і парламенту.

"Слухайце, што там робіцца, мне сорамна чытаць, — адзначыў ён. — З прыватнікаў фактычна вымагалі буйныя хабары пад пагрозай стварэння штучных перашкод пры ўдзеле ў конкурсах на закупку прадукцыі. З доказамі злачынства пры атрыманні хабараў былі затрыманыя службовыя асобы буйных прадпрыемстваў, па-мойму, дзясяткамі вылічаюцца. Цяпер праводзіцца расследаванне. Прынцыповую ацэнку ўсім гэтым фактам у самым жорсткім рэжыме дамо ў судзе".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239