Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/04/27/953895_102058/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 21:27
27.04.2018 15:03 Грамадства

Бацькі асуджаных паводле артыкула 328 КК абвясцілі галадоўку

Мінск, 27 красавіка. Актывісты грамадскай ініцыятывы "Матчын рух 328", якая аб`ядноўвае сваякоў асуджаных на падставе артыкула 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), абвясцілі бестэрміновую галадоўку. Акцыя праводзіцца пад Мінскам і ў Калінкавічах.
Мэта галадоўкі — прыцягнуць увагу ўладаў да неабходнасці змякчэння пакарання на падставе артыкула 328 КК, заявіла БелаПАН кіраўнік руху і ўдзельніца галадоўкі Ларыса Жыгар. Удзельнікі акцыі патрабуюць таксама стварыць камісію па пераглядзе адпаведных крымінальных спраў пачынаючы з 2013 года і ўнесці змены ў заканадаўства, у тым ліку для больш шырокага прымянення амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызвалення да асуджаных паводле арт. 328 КК.

Шэсць актывістаў сабраліся пад Мінскам, яшчэ столькі ж — у Калінкавічах (Гомельская вобласць). З імі знаходзяцца групы падтрымкі, якія сочаць за станам здароўя галадоўнікаў.

Паводле слоў Жыгар, тры ці чатыры чалавекі плануюць далучыцца да галадоўкі заўтра, яшчэ больш людзей чакаецца ў наступныя дні. Улічваючы, што галадоўка бестэрміновая, чакаецца, што да яе далучацца маці, якія зараз знаходзяцца на працяглым спатканні з асуджанымі сваякамі.

Актывістка руху маці Таццяна Канеўская, якая знаходзіцца ў Калінкавічах, паведаміла БелаПАН, што ўсяго ў галадоўцы маюць намер удзельнічаць 17 чалавек. "Планавалася, што будзе 20, але на людзей пачалі аказваць націск. Да прыкладу, збіраўся галадаць за сваю жонку адзін мужчына, але літаральна ўчора яго абвінавацілі ў выкраданні аўтамабіля, на якім ён ездзіць ўжо тры гады. Яшчэ на адну жанчыну "наехаў" былы муж, які даўно з ёй не размаўляў. Калі ён даведаўся пра яе намер галадаць, стаў пагражаць, што адбярэ дзіця", — сказала Канеўская.

Жыгар таксама паведаміла, што 26 красавіка актывісты руху перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі пісьмовы зварот, у якім папярэдзілі ўлады аб бестэрміновай галадоўцы. "Мы папрасілі арганізаваць для нас круглы стол з усімі сілавымі структурамі па гэтай праблеме, — расказала яна. — Але самае галоўнае патрабаванне — сустрэча з прэзідэнтам краіны. Мне Ільясевіч (начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч. — БелаПАН.) сказаў:" Аляксандраўна, ты мне чатыры гадзіны даеш на тое, каб я апавясціў ўсіх і каб вашы патрабаванні былі выкананыя". Я адказала, што гэта можна зрабіць вельмі і вельмі аператыўна. Сказала, што мы іх не прыспешваем. Мы пачнем галадоўку, а яны хай вырашаюць".

"Калі нам улады скажуць, што Аляксандр Рыгоравіч гатовы прыняць маці, калі скажуць, што ў гэтую сесію [парламента] пад нумарам такім будзе разглядацца нашае пытанне і рабочую групу з маці запросяць на яго разгляд, магчыма, тады мы спынім галадоўку. Але калі гэта зноў будуць адны абяцанні, мы галадоўкі не спынім", — падкрэсліла лідар ініцыятывы.

Варта адзначыць, што актывісты "Матчынага руху 328" спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю ва ўпраўленні юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама, але атрымалі адмову.
Захар Шчарбакоў, Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН