Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/02/954371_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 16:54
02.05.2018 16:18 Грамадства

У Адміністрацыі прэзідэнта праходзіць сустрэча з актывісткамі ініцыятывы "Матчын рух 328"

Мінск, 2 мая. У Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі праходзіць сустрэча з актывісткамі ініцыятывы "Матчыны рух 328" — удзельніцамі бестэрміновай галадоўкі, якія патрабуюць змякчэння пакарання па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).
Сустрэча пачалася каля 16 гадзін. Для ўдзелу ў ёй прыбылі сем жанчын, якія арганізавалі галадоўку ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Каля будынка адміністрацыі іх чакаюць прыкладна 30 чалавек групы падтрымкі, сваякі асуджаных па арт. 328, журналісты.

Варта адзначыць, што журналістаў у адміністрацыю не пусцілі, хоць актывісткі прасілі, каб сустрэча праводзілася ў прысутнасці прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ.

Перад пачаткам перамоваў удзельніца галадоўкі Таццяна Канеўская паведаміла журналістам, што з імі дакладна сустрэнецца кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Ці будуць прысутнічаць прадстаўнікі іншых арганізацый (МУС, Генпракуратуры, Вярхоўнага суда, Следчага камітэта, Савета бяспекі, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў), пра што прасілі ўдзельнікі галадоўкі, невядома.

Паводле слоў Канеўскай, праблема, звязаная з жорсткімі прысудамі па арт. 328, "за адзін дзень не вырашыцца". "Гэта першы крок да пачатку канструктыўнага дыялогу. Для нас вялікі крок, што Адміністрацыя прэзідэнта павярнулася да нас тварам і стала размаўляць. Тры гады нас прымалі, але не слухалі", — падкрэсліла жанчына.

"Нам казалі, што змены ў заканадаўства былі гатовыя ўжо ў 2016 годзе, але нічога не адбылося, — дадала яна. — І калі мы даведаліся, што на разгляд гэтай вясенняй сесіі парламента змены не ўнесеныя, гэта стала апошняй кропляй, і мы пайшлі на такі адчайны крок. Мы ўпэўненыя, што Адміністрацыя прэзідэнта і ўрад не дадуць маці загінуць".

Канеўская таксама адзначыла, што пасля сённяшняй сустрэчы галадоўка не спыніцца, бо гэтыя перамовы — проста шанец на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, якой дамагаюцца ўдзельнікі акцыі.

Паводле слоў Канеўскай, на гэты момант у Пухавіцкім раёне і ў Калінкавічах галадаюць 14 чалавек.

Паводле даных актывістак ініцыятывы "Матчыны рух 328", заснаваных на інфармацыі Вярхоўнага суда, з 2013 года ў Беларусі паводле "наркатычнага" артыкула асуджана 16 з паловай тысяч чалавек. Паводле даных МУС, 60% нарказлачынстваў звязаныя са збытам наркотыкаў, якія мяркуюць тэрміны пазбаўлення волі ад 5 гадоў.

Бестэрміновая галадоўка жанчын пачалася 27 красавіка. У той жа дзень стала вядома, што ўдзельніц акцыі запрасілі на 2 мая ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН