Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/04/954783_954784/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:20
04.05.2018 21:25 Грамадства

Міс Беларусь — 2018 стала Марыя Васілевіч з Мінска

Мінск, 4 мая. Пераможніцай нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь — 2018", фінал якога адбыўся ўвечары 4 мая ў сталічным Палацы спорту, стала 20-гадовая студэнтка БДЭУ Марыя Васілевіч з Мінска.
Пераможніца будзе прадстаўляць краіну на конкурсе "Міс свету" сёлета, а таксама ўдзельнічаць у розных культурных, дабрачынных акцыях у Беларусі і за яе межамі. Акрамя кароны з белага золата, упрыгожанай каштоўнымі камянямі, Марыя Васілевіч атрымала спецыяльныя прызы, у тым ліку пазадарожнік Geely Atlas.

Першай віцэ-міс стала 22-гадовая Маргарыта Мартынава са Слоніма (Гродзенская вобласць), яна атрымала права прадстаўляць Беларусь на конкурсе "Міс Супранэшнл". Другой віцэ-міс журы назвала 18-гадовую мінчанку Анастасію Лаўрынчук.

На мерапрыемстве прысутнічалі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Качанава, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.

На тытул прэтэндавалі 30 дзяўчат, кожная з якіх прайшла абласныя кастынгі, паўфінал. Першапачаткова было больш за 700 прэтэндэнтак.

Нацыянальны конкурс прыгажосці "Міс Беларусь" праводзіцца адзін раз у два гады для вызначэння прадстаўніц Беларусі на міжнародных конкурсах прыгажосці. Праходзіць у тры этапы, з іх першы і другі з`яўляюцца адборачнымі, трэці — заключным. У конкурсе могуць прымаць удзел дзяўчаты з добрымі знешнімі дадзенымі, якія адпавядаюць наступным патрабаванням: маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць на яе тэрыторыі (незалежна ад месца вучобы, працы); ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў уключна на дату правядзення фіналу; маюць рост не ніжэйшы за 174 см; не маюць на целе татуіровак і пірсінгу; ніколі не былі ў шлюбе; не маюць дзяцей.

Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца ўладальніцы тытула "Міс Беларусь" і пераможніцы ў намінацыях папярэдніх нацыянальных конкурсаў прыгажосці "Міс Беларусь", а таксама асобы, якія маюць дачыненне да фота- і відэаматэрыялаў, якія носяць эратычны або парнаграфічны характар.

Тытул папярэдняга конкурсу "Міс Беларусь — 2016" заваявала таксама мінчанка Паліна Барадачова.

Нацыянальны конкурс прыгажосці "Міс Беларусь" праводзіўся ў 11-ты раз.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН