Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/05/954821_954822/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 16:10
05.05.2018 15:12 Грамадства

Актывісткі "Матчынага руху 328": Супраць нас пачынаецца "халодная вайна"

Мінск, 5 мая. У дачыненні да актывістак "Матчынага руху 328" разгортваецца "халодная вайна", грамадскую думку імкнуцца павярнуць супраць іх, заявіла БелаПАН адна з удзельніц бестэрміновай галадоўкі Таццяна Канеўская.
У Пухавічах (Мінская вобласць) і Калінкавічах (Гомельская вобласць) дзявятыя суткі працягваецца бестэрміновая галадоўка актывістаў ініцыятывы "Матчын рух 328", якія патрабуюць змякчэння пакарання па 328-м "наркатычным" артыкуле КК. У Калінкавічах галадае шэсць чалавек, пад Мінскам у галадоўцы ўдзельнічаюць сем актывістаў.

Яны працягваюць чакаць адказу ад уладаў на свае патрабаванні. "Але мы таксама бачым, што цяпер супраць нас разгортваецца "халодная вайна", таму што падключыліся дзяржаўныя СМІ і яны імкнуцца павярнуць грамадскую думку супраць нас, зрабіць нас нібыта мамамі наркадылераў, падаць, што нашы дзеці наркаманы, якія гандлююць смерцю. Пры гэтым ніхто, вядома, не ўнікае ў справы кожнага з нас", — адзначыла Канеўская, якая галадае ў Калінкавічах.

"Гэта, вядома, вельмі засмучае, і мы стараемся таксама супрацьстаяць гэтай "халоднай вайне", працягнула актывістка. — Мы цяпер таксама будзем пісаць звароты як у Вярхоўны суд, так і ў Генпракуратуру. Гэта значыць спрабуем неяк парыраваць усёй гэтай махіне, якая чамусьці павярнулася ад нас у адваротны бок, замест таго каб усё ж такі нейкім чынам змяніць сітуацыю. Мы разумеем, што цяжка цяпер гэта кола павярнуць, яны нарабілі памылак і не ведаюць, як іх выправіць. Але наш дух не зломлены — гэта адназначна, мы будзем ісці да пераможнага канца".

Разам з тым стан здароўя паступова пагаршаецца. "Слабасць, вядома, адчуваецца, усё-такі дзевяць дзён не прымаем ніякай ежы, акрамя вады. Цяпер мы дадаем у ваду трошачкі мёду па рэкамендацыі ўрачоў. Учора да нас прыязджала хуткая дапамога. Наша самая старэйшая з удзельніц галадоўкі 66-гадовая Людміла Пімяноўская была вымушана з'ехаць дадому з-за праблем са здароўем у яе і мужа. Яна пазней трохі адышла, але вельмі дрэнна са здароўем у мужа", — расказала Таццяна Канеўская.

Яшчэ адна актывістка "Матчынага руху 328" — Ларыса Жыгар, якая галадае ў Пухавіцкім раёне, паведаміла БелаПАН, што зранку 5 мая ўдзельнікаў галадоўкі наведвалі медыкі, якія зрабілі забор крыві на агульны аналіз і вымяралі ціск. "Збоі з ціскам і са здароўем, вядома, у нас ужо ёсць: і галавакружэнне, і млоснасць ужо шмат у каго з'явілася", — адзначыла Жыгар.

Яна падзякавала ўсім неабыякавым за падтрымку. "Стараемся трымацца аптымістамі, нас усё ж многія падтрымліваюць, і гэта надае сілы, нягледзячы на тое што яны, вядома, сыходзяць. Але падтрымка для нас вельмі важная", — падкрэсліла актывістка.

"Пакуль мы не збіраемся пазіцыі здаваць, і нікуды мы не адступаем. Мы па-ранейшаму ўпэўненыя, што пачуць нас павінны", — падсумавала Ларыса Жыгар.

Бестэрміновая галадоўка актывістак "Матчынага руху 328" пачалася 27 красавіка з мэтай прыцягнуць увагу ўладаў да неабходнасці змякчэння пакарання па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Удзельнікі акцыі патрабуюць таксама стварыць камісію па пераглядзе адпаведных крымінальных спраў пачынаючы з 2013 года і ўнесці змены ў заканадаўства, у тым ліку для больш шырокага прымянення амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызвалення да асуджаных па "наркатычным" артыкуле.

2 мая ў Адміністрацыі прэзідэнта адбылася сустрэча ўдзельнікаў акцыі з чыноўнікамі. Аднак пасля яе жанчыны адмовіліся спыніць галадоўку, "пакуль не будуць зроблены канкрэтныя захады для карэкціроўкі заканадаўства".

На 4 мая жанчын запрасілі на прыём да генпракурора Аляксандра Канюка. Гэтай сустрэчы яны дамагаліся паўгода, але напярэдадні, 3 мая, удзельніцам галадоўкі паведамілі, што Канюк "тэрмінова едзе ў камандзіроўку" і сустрэча пераносіцца. На які тэрмін — пакуль невядома.

4 мая ў інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия" начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч паведаміў, што Наталля Качанава даручыла "актывізаваць працу па ўзгадненні законапраекта, які змяшчае змены і дапаўненні ў антынаркатычнае заканадаўства". Паводле яго слоў, дакумент будзе "максімальна аператыўна, наколькі гэта магчыма, прадстаўлены на разгляд парламентарыяў".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН