Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/05/08/955092_955093/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 10:06
08.05.2018 12:26 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка супраць аслаблення адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў

Мінск, 8 мая. Аляксандр Лукашэнка выступае супраць аслаблення крымінальнай адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў, паведаміў журналістам старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала 8 мая пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.
"Абмяркоўвалі пытанні далейшай барацьбы з наркаманіяй і злачынствамі, звязанымі з наркотыкамі. Кіраўнік дзяржавы адназначна адзначыў, што паслаблення ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні і паблажкі", — цытуе Сукала БелТА.

"А што тычыцца той формы, якая сёння выбрана групай маці, то гэта з`яўляецца недапушчальным, гэта націск і ўмяшанне ў правасуддзе. І гэта не той спосаб, які павінен быць у нас", — заявіў старшыня Вярхоўнага суда, каментуючы галадоўку удзельнікаў ініцыятывы "Матчын рух 328".

Ён адзначыў, што існуе законны парадак разгляду і вырашэння пытанняў па кожнай канкрэтнай скарзе. Паводле слоў Сукалы, толькі шэсць маці асуджаных па арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) з ліку тых, хто абвясціў галадоўку, звярталіся ў Вярхоўны суд. "Прычым дзве атрымалі, як мне здаецца, па скаргах задавальненне. Пакаранне было зніжана. Таму ёсць законны спосаб звароту ў Вярхоўны суд з нагляднымі скаргамі па кожным канкрэтным выпадку. Але нейкага паслаблення ўсеагульнага, асабліва для распаўсюджвальнікаў, як заявіў кіраўнік дзяржавы, не прадугледжана", — сказаў ён.

На пытанне пра планаванае абмеркаванне ў парламенце змяненняў у антынаркатычнае заканадаўства, старшыня Вярхоўнага суда адказаў: "Гаворка ішла менавіта пра гэта. Каб у тым праекце, які будзе, прадугледзець нейкую магчымую паблажку толькі ў дачыненні да спажыўцоў".

Сукала таксама звярнуў увагу на той факт, што і ў дзейным заканадаўстве для спажыўцоў наркотыкаў прадугледжаны альтэрнатыўныя меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Так, санкцыя ч. 1 арт. 328 КК за незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў. "Там пазбаўленне волі прызначаецца толькі ў дачыненні да 30% асоб. Дзе раней судзімыя, магчыма, нейкія асацыяльныя асобы. А ў дачыненні да астатніх прызначаецца пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Так што, у прынцыпе, для спажыўцоў практыка прызначэння пакаранняў з`яўляецца вытрыманай і абранай", — лічыць старшыня Вярхоўнага суда.

"Што тычыцца пакаранняў для распаўсюджвальнікаў, збытчыкаў, вытворцаў наркотыкаў, то, вядома, там санкцыі суровыя, але суддзі выконваюць свой абавязак. Яны працуюць у рамках таго закона, які ёсць. Яны не маюць права карэктаваць закон. І яны ад імя дзяржавы выносяць менавіта тыя пакаранні, якія прадугледжаны ў законе", — дадаў ён.

Бестэрміновая галадоўка маці асуджаных па артыкуле 328 пачалася 27 красавіка і праходзіць у двух месцах — Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці і Калінкавічах Гомельскай вобласці.

2 мая ў Адміністрацыі прэзідэнта адбылася сустрэча ўдзельнікаў галадоўкі з кіраўніком адміністрацыі Наталляй Качанавай.

4 мая ў інтэрв`ю газеце "Советская Белоруссия" начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандр Ільясевіч паведаміў, што Качанава даручыла "актывізаваць працу па ўзгадненні законапраекта, які змяшчае змены і дапаўненні ў антынаркатычнае заканадаўства".

6 мая ў тэлефоннай размове з удзельніцай галадоўкі Ларысай Жыгар старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля Гуйвік заявіла, што законапраект аб зменах у антынаркатычнае заканадаўства можа паступіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў ужо на гэтай сесіі, якая працягнецца да 29 чэрвеня.

7 мая актывісткі ініцыятывы "Матчын рух 328" перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта калектыўны зварот на імя Качанавай з патрабаваннем адрэагаваць на сітуацыю вакол бестэрміновай галадоўкі маці. Асноўнымі патрабаваннямі удзельнікаў акцыі з`яўляецца сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, стварэнне камісіі па пераглядзе крымінальных спраў асуджаных па ўсіх частках артыкула 328, а таксама змена антынаркатычнага заканадаўства.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН